звар’яце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Захварэць на псіхічнае расстройства, страціць розум. Значна пазней Павел даведаўся, што Сеня звар’яцеў у вронкаўскай адзіночцы. Брыль. Калі суседка даведалася, што гэта быў яе сын, яна звар’яцела, доўга блукала па горадзе, а потым бясследна знікла. Гурскі.
2. Разм. Страціць развагу, раз’юшыцца, ашалець. Гаспадар спужаўся, пачуўшы пра немцаў, а гаспадыня зусім звар’яцела: крычыць немым голасам на ўсю вуліцу і гатова горла мне перагрызці за карову. Кулакоўскі.
звастры́цца, звострыцца; зак.
Стаць вельмі тонкім, вузкім ад шматразовага вастрэння або ад доўгага ўжывання. Нож звастрыўся.
звастры́ць, звастру, звострыш, звострыць; зак., што.
1. Зняць няроўнасць або верхні слой якой‑н. паверхні тачыльным інструментам. Звастрыць шчарбіну на нажы.
2. Вострачы, зрабіць тонкім, вузкім (пра лязо).
зва́цца, завуся, завешся, завецца; завёмся, завяцеся; незак.
Насіць імя; называцца. Той, хто сынам можа звацца Беларускай стараны, Будзе да канца змагацца На крутых франтах вайны. Астрэйка. [Кастусь] ведаў, што кіламетраў за сорак ад Скіп’ёўскага Пераброддзя ёсць немалы лес, які завецца Богараўшчына. Чорны.
зваць, заву, завеш, заве; завём, завяце; незак., каго-што.
1. Голасам або кіўком запрашаць падысці ці абазвацца; клікаць. Зваць да сябе дзяцей. □ Дзед, здаецца, нічога не чуў і не цяміў. Ён толькі катурхаў сына, будзіў, зваў яго. Колас. // Запрашаць куды‑н. Рабочыя падкідвалі бацьку ўгору, качалі на руках, звалі да сябе ў госці. Лынькоў. На маёўку ў бліжнія бары завуць сяброўку юныя сябры. А. Вольскі. // Заклікаць, агітаваць да выканання чаго‑н. Я адплаціў народу, Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў з цемры да святла. Купала. [Адась:] Трэба зваць сялян на дэманстрацыю, а там і на барыкады. Козел. // перан. Прывабліваць, прыцягваць. Вызначаюцца трохі шырокія далі, завуць яны да сябе сваім размахам і воляй. Чорны. Сонца.. вабіла і звала да сябе малога Янку. Бядуля.
2. Называць. Івана Сцяпанавіча і Мар’ю Сцяпанаўну Юра зваў татам і мамай... Васілевіч. Салаўіны гай, а побач — вёска, І завуць Мядзведзічы яе. Бялевіч.
•••
Памінай як звалі гл. памінаць.
зваява́ць, зваюю, зваюеш, зваюе; зак., каго-што.
Разм. Перамагчы, асіліць у барацьбе. Тут схадзіліся плямёны Спрэчкі сілаю канчаць, Каб багата адароны Мілы край наш зваяваць. Колас. // перан. Асіліць што‑н., пазбавіцца чаго‑н. Ходзіць жыта, ходзіць жыта жоўтай хваляй, А мы жыта, а мы жыта зваявалі. Броўка. Цяжкіх дум, горкіх дум Зваяваць не магу. Купала.