Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

звар’яце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Захварэць на псіхічнае расстройства, страціць розум. Значна пазней Павел даведаўся, што Сеня звар’яцеў у вронкаўскай адзіночцы. Брыль. Калі суседка даведалася, што гэта быў яе сын, яна звар’яцела, доўга блукала па горадзе, а потым бясследна знікла. Гурскі.

2. Разм. Страціць развагу, раз’юшыцца, ашалець. Гаспадар спужаўся, пачуўшы пра немцаў, а гаспадыня зусім звар’яцела: крычыць немым голасам на ўсю вуліцу і гатова горла мне перагрызці за карову. Кулакоўскі.

звастры́цца, звострыцца; зак.

Стаць вельмі тонкім, вузкім ад шматразовага вастрэння або ад доўгага ўжывання. Нож звастрыўся.

звастры́ць, звастру, звострыш, звострыць; зак., што.

1. Зняць няроўнасць або верхні слой якой‑н. паверхні тачыльным інструментам. Звастрыць шчарбіну на нажы.

2. Вострачы, зрабіць тонкім, вузкім (пра лязо).

зва́цца, завуся, завешся, завецца; завёмся, завяцеся; незак.

Насіць імя; называцца. Той, хто сынам можа звацца Беларускай стараны, Будзе да канца змагацца На крутых франтах вайны. Астрэйка. [Кастусь] ведаў, што кіламетраў за сорак ад Скіп’ёўскага Пераброддзя ёсць немалы лес, які завецца Богараўшчына. Чорны.

зваць, заву, завеш, заве; завём, завяце; незак., каго-што.

1. Голасам або кіўком запрашаць падысці ці абазвацца; клікаць. Зваць да сябе дзяцей. □ Дзед, здаецца, нічога не чуў і не цяміў. Ён толькі катурхаў сына, будзіў, зваў яго. Колас. // Запрашаць куды‑н. Рабочыя падкідвалі бацьку ўгору, качалі на руках, звалі да сябе ў госці. Лынькоў. На маёўку ў бліжнія бары завуць сяброўку юныя сябры. А. Вольскі. // Заклікаць, агітаваць да выканання чаго‑н. Я адплаціў народу, Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў з цемры да святла. Купала. [Адась:] Трэба зваць сялян на дэманстрацыю, а там і на барыкады. Козел. // перан. Прывабліваць, прыцягваць. Вызначаюцца трохі шырокія далі, завуць яны да сябе сваім размахам і воляй. Чорны. Сонца.. вабіла і звала да сябе малога Янку. Бядуля.

2. Называць. Івана Сцяпанавіча і Мар’ю Сцяпанаўну Юра зваў татам і мамай... Васілевіч. Салаўіны гай, а побач — вёска, І завуць Мядзведзічы яе. Бялевіч.

•••

Памінай як звалі гл. памінаць.

зваява́ць, зваюю, зваюеш, зваюе; зак., каго-што.

Разм. Перамагчы, асіліць у барацьбе. Тут схадзіліся плямёны Спрэчкі сілаю канчаць, Каб багата адароны Мілы край наш зваяваць. Колас. // перан. Асіліць што‑н., пазбавіцца чаго‑н. Ходзіць жыта, ходзіць жыта жоўтай хваляй, А мы жыта, а мы жыта зваявалі. Броўка. Цяжкіх дум, горкіх дум Зваяваць не магу. Купала.

зве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Атрымаць даныя, звесткі аб чым‑н.; пазнаць што‑н. Радасна было ісці ўсё далей і далей, каб зведаць невядомае, убачыць нябачанае. Колас. Мой кут лясны! Я змалку добра зведаў тваю лістоту, зоры і дажджы. Русецкі.

2. Спазнаць на ўласным вопыце, перажыць. Усяго давялося зведаць [Шымкевічам] у дарозе: і голаду, і холаду, і са смерцю нос у нос сутыкацца. Чарнышэвіч. «Рай» гэты аказаўся бяздонным пеклам і, каб выбрацца з яго, трэба было зведаць самую цяжэйшую з чалавечых пакут — жыццё без радзімы... Васілевіч.

зве́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зведаць.

зве́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад звесці.

зве́зці, звязу, звязеш, звязе; звязём, звезяце; пр. звёз, звезла і звязла, звезла і звязло; зак., каго-што.

1. Возячы, даставіць у адно месца (многае, многіх); пазвозіць. Звезці каменне ў кучу. Звезці сена ў стог.

2. Забраўшы, адвезці куды‑н.; перавезці. Мяшкоў не хапала, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч.

3. Везучы, перамясціць зверху ўніз. Звезці бярвенне з гары ў нізіну.

4. Едучы, узяць з сабою; адвезці куды‑н. «Чаму гэта мне нічога не сказалі пра ордэры? Звезлі на рыбу, каб усё прапала», — трывожачыся, падумаў Андрэй. Шахавец. — Пагранічнік Кузьма дэмабілізаваўся і, едучы працаваць у Мінск, звёз з Брэстчыны маладзенькую чарнявую настаўніцу Марыну. Корбан.