Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апруцяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Застыць, скарчанець (пра труп, часткі мёртвага цела). [Ракуцька:] — Паспеў я яшчэ заўважыць, як дрыгнулі яго [немца] ногі і апруцянелі навек. Чорны.

2. Страціць адчувальнасць; анямець, адубець. Цела проста апруцянела і страціла здольнасць што-небудзь успрымаць. Чарнышэвіч.

апрыёрнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць апрыёрнага: незалежнасць ад вопыту.

апрыёрны, ‑ая, ‑ае.

Які папярэднічае вопыту, не залежыць ад яго; які не заснаваны на вопыце; проціл. апастэрыёрны. [Жураўскі:] — Але лабараторыя — тая ж практыка. Апрыёрныя вывады правяраюцца доследамі, вопытам. Шамякін.

апрыёры, прысл.

1. Незалежна ад вопыту, да вопыту; проціл. апастэрыёры.

2. перан. Не правяраючы чаго‑н. загадзя.

[Лац. a — ад і priori — які папярэднічае.]

апры́краць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Надакучыць з-за аднастайнасці, паўтарэння чаго‑н.; стаць непрыемным, прыкрым, нязносным. Я рад, што змоўклі оды — Апрыкралі яны: Дзе оды, там заўсёды Ёсць месца для маны. Непачаловіч. А тут, на Грабскім хутары, душна, цесна і даўно апрыкрала ўсё. Лупсякоў.

апры́кры, ‑ая, ‑ае.

Які стаў непрыемным, прыкрым, нязносным з-за аднастайнасці, паўтарэння і пад. А ў сэрцы дзявочым схавана так многа апрыкрага жалю. Дубоўка.

апрыто́мнець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Прыйсці да прытомнасці, ачуцца. Пад раніцу спала пякельная гарачка, і.. [Максімка] апрытомнеў. Сабаленка. Сарокін апрытомнеў на судне-кране, калі знялі скафандр. Данілевіч. // Апамятацца, набыць здольнасць спакойна дзейнічаць і разважаць. Па тым, што да іх падбег толькі адзін чалавек, Арлоўскі здагадаўся, што бой яшчэ не скончаны. Ад гэтай думкі ён адразу апрытомнеў. Паслядовіч.

апрыхо́даванне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апрыходаваць.

апрыхо́даваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад апрыходаваць.

апрыхо́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак.

Спец. Запісаць у прыход. Сёння камісія ад праўлення калгаса апрыходавала стагі сена, што сёй-той быў накасіў без дазволу на калгаснай сенажаці. Сачанка.