Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Снігі́р ‘гіль, Pyrrhula vulgaris Briss.’ (Пятк. 2), сніга́р ‘чубатая сініца’ (ПСл). Гл. снягір.

Сні́зак (сні́зык) ‘кажух разам з сярмягай’ (віц., Шн. 3). Параўн. зах. і паўд.-рус. сни́зка ‘армяк і тулуп зверху’, сни́зок, сни́зки ‘кажух з каптанам, кажух з армяком, пара верхняй адзежы, для цяпла’. Да ніз (гл.), параўн. выраз адзець пад ніз ‘апрануць пад верхнюю адзежыну што-небудзь’.

Сніпе́ць ‘шыпець, сыкаць’: гадзюка сьніпіць (астрав., Сл. ПЗБ, ЛА, 1). Магчыма, да сі́пець (гл.) з устаўным ‑н‑ пад уплывам літ. šnypšti ‘тс’ (Сл. ПЗБ).

Сні́тка1 ‘расліна, Aegopodium L.’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Меер Крыч., Сцяшк.; мін., віц., Кіс.; ашм., бярэз., мін., шчуч., навагр., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), сны́тка ‘тс’ (Нас., Бяльк.; маг., Кіс.; Дэмб. 1; бялын., Нар. сл.; круп., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), сніць, шныць ‘маладыя лісточкі агароднай расліны’ (Гарэц.). Укр. сні́тка, снить, снит, сни́тка, рус. снить, сни́тка, сныть, сны́тка. Дыял. прасл. (усх.-слав.) *snětь/*snitь — рэканструкцыя Мяркулавай (Очерки, 62 і наст.), якая супастаўляе іх з польск. śniat ‘ствол дрэва’ (XVII ст.), чэш. snět ‘галіна’, snítek, snítka ‘калода’, славац. дыял. snět ‘ствол дрэва’, sneto ‘галіна’, а таксама ўкр. закарп. snit, snita ‘калода’, якія ўзводзяцца да і.-е. *snoi̯t‑, суадноснага з *snei̯t‑ ‘рэзаць’. Параўн. гоц. sneiꝥan, ст.-в.-ням. snīdan, ням. schneiden ‘рэзаць’. Матывацыя — тоўсты ствол расліны (“дудка”). Гл. Махэк₂, 564. Іншая версія — параўнанне з прасл. *snětъ ‘галаўня (у збажыне)’ (гл. сняцей), што не супадае па значэнні; гл. Фасмер, 3, 698–699 з літ-рай.

Сні́тка2 ‘птушка пліска’ (ПСл). Да сі́тка (гл. сітаўка) з устаўным ‑н‑.

Сні́тка3 ‘невялікая луста, скібка’ (Скарбы). Няясна. Магчыма, да сніт ‘дошка’ (гл. снет) або непасрэдна з ням. Schnitt ‘разрэз’, Schnitz ‘кавалак, скрыль’, сюды ж, відаць, і выраз выстругало его, як снітку (пра бягунку) (Федар. 4, 345).

Сні́ца ‘скабка або пласцінка (драўляная ці металічная), якой змацоўваюць закругленыя дошчачкі; асабліва два колцы ў дышлі пад падушкай калёс, якія служаць для павароту калёс’ (Нас.), сні́ціна ‘дошчачка, якой закрываюць бакавы ўваход у калодачны вулей’ (зэльв., Сл. ПЗБ), сні́цы ‘крыжавіна, перакладзіна ў перадку воза, куды ўстаўляецца канец дышля’ (Маслен.), ‘пярэдняя і задняя часткі калёс’ (ПСл). Укр. сни́ця ‘падоўжная жэрдка ў возе, плузе; частка воза, дзе замацаваны дышаль’, рус. сни́ца, шни́ца ‘адзін з двух брускоў, між якімі ўмацоўваецца дышаль’, польск. śnica, sznica, чэш. дыял. snica, šnyce, snice, в.-луж. snica і šnica, н.-луж. snica ‘тс’. Міклашыч (312) лічыў слова няясным. Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Паводле Праабражэнскага (2, 344), рускае слова запазычаны з польскай, а там з ням. Schnitt ‘разрэз, прарэз’ або Schnitz ‘кавалак, скрылік’. Фасмер (3, 699), а следам за ім і Махэк₂ (564), Шустар-Шэўц (1329) выводзяць з *ojesьnica ад *oje, Р. скл. ojese ‘дышаль, аглобля’. Гл. вайе. Збліжэнне з сныч, снычок ‘засаўка ў замку’ (Ласт.), рус. дыял. сныч ‘стрыжань у дзвярным замку’, ‘шпонка, якая змацоўвае дошкі’, што звязваюць з снаваць (Гараеў, 334), сумніўнае (гл. Фасмер, 3, 702). Не выключана сувязь з ст.-бел. снитие ‘злучэнне, сыходжанне’, снити ‘дайсці, дасягнуць; легчы, упасці’, што да *iti з прыстаўкай *sъn‑ (гл. ісці).

Сні́цар ‘майстар, які пры дапамозе жалезных або дротавых скабак змацоўвае рэчы або пласцінкі ў адно цэлае’ (Нас.). Таксама як і ўкр. сни́цар ‘рэзчык па дрэве і метале’, запазычана з польск. snycerz, snicarz, snicerz ‘майстар разьбярства па дрэве’, якое ўзыходзіць да н.-в.-ням. Schnitzer ‘рэзчык’ і, далей, с.-в.-ням. snitzere, нова-в.-ням. schnitzen ‘рэзаць (па дрэве)’; гл. Кюнэ, Poln., 98; Брукнер, 505; ЕСУМ, 5, 334. Ст.-бел. шницаръ (сницаръ) ‘рэзчык’ (першая палова XVII ст.) < ст.-польск. sznicarz, snycar (XV ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 89).

Сніць ‘бачыць сон (сны), бачыць у сне’, ‘марыць аб чым-небудзь’, ‘спадзявацца на што-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Касп., Варл., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сні́цца ‘бачыцца ў сне’ (ТСБМ, Ласт., ТС, Сл. ПЗБ). Укр. сні́ти, сні́тися, рус. сни́ться ‘тс’, польск. śnić ‘бачыць у сне’, ‘марыць аб чым-небудзь’, чэш. snít ‘тс’, серб.-харв. са́њати, сни́вати ‘тс’, славен. sanjati ‘марыць’, балг. съня ‘бачыць у сне’, макед. сони ‘тс’. Прасл. *sъniti ‘сніць’ дэрыват ад прасл. *sъnъ ‘сон’ (Борысь, 619). Сюды ж таксама сні‑трава ‘сон-трава’ (Бяльк.).

Сні́чна ‘шчыльна’ (Касп.), сні́шна ‘тс’ (Шымк. Собр.). Рус. смал. сни́шно ‘тс’. Мабыць, да сніца (гл.), аднак не выключана сувязь з снед, снет, сніт ‘лінія, па якой распілоўвалася дрэва’, гл., пра што сведчыць “спецыфічнае” смал. сни́дно ‘шчыльна’ (Бел.-рус. ізал., 59).