Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сно́за ‘скабка’ (Мат. Гом.), сно́зы ‘частка кроснаў — вертыкальныя планачкі, якія праходзяць скрозь абедзве паловы набілак’ (Уладз.), ‘рэбры ў кошыку’ (капыл., ЛА, 4), ‘бакавая акантоўка акна’ (Сцяшк. Сл.), сно́зік ‘прыстасаванне ў лежаку (вуллі), зробленае з планак, якія ўтвараюць упор для плечукоў рамак’ (Анох.). Укр. сно́за, сніз ‘рэбры ў кошыку’, ‘тонкія палачкі для падтрымання сотаў’, рус. кур. сно́зы ‘тс’, таксама ‘жэрдачкі для птушкі ў клетцы’, паўн. сна́зы ‘крыжападобна пакладзеныя планкі ў вуллі’, сну́за ‘затычка ў ярме’, польск. snoza ‘драўляная клямка’, snozik ‘драўляная рамка ўнутры вулля’. Варбат (Морфон., 41, 43) узнаўляе прасл. *snoza, *snaza, звязаныя чаргаваннем галосных. Да прасл. *noziti ‘пратыкаць, прабіваць’ (гл. нож), параўн. таксама рус. вонзить. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 345; Фасмер, 3, 700; ЕСУМ, 5, 337. Борысь (SEK, 4, 341) рэканструюе прасл. дыял. *sъnoza, дэвербатыў ад *sъ‑noziti, суадноснае з занозы ‘вертыкальныя планкі ў кроснах’. Сюды ж зну́за ‘звязь двух розных рэчаў’ (Ласт.) з іншым вакалізмам.

Сноп ‘звязка зжатых сцёблаў’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.; ашм., Стан.; Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сніп, рус. сноп, стараж.-рус. снопъ, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. snop, серб.-харв. сно̏п, славен. snȍp, макед., балг. сноп, ст.-слав. снопъ. Прасл. *snopъ лічыцца роднасным ст.-в.-ням. snuaba ‘павязка’, snuobili н. р. ‘ланцужок’, да і.-е. *(s)neu‑ ‘вязаць’; Махэк₂ (564) тлумачыць праславянскую семантыку як ‘тое, чым звязваюць’ → ‘тое, што звязана’. Сной₁ (588) узводзіць *snopъ да і.-е. пашыранай базы *snəpo ‘тое, што звязана’ і, далей, да і.-е. базы *sneh‑p ‘звязваць’; Борысь (565) — да і.-е. *snēp‑/*snop‑/*snəp‑. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 700 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 334–335; Шустар-Шэўц, 1329.

Сно́пурха, сне́пурка, со́пурка ‘рыбы галец, Nemachilus barbatulus L. і шчыпоўка, Cobitis taenia L.’ (Крыв.), снопа́р, со́пурха, со́пуха, сно́пурха ‘пячкур’ (палес., Жыв. св.). Няясна. Параўн. со́пурха (гл.).

Сно́та ‘клопат, апекаванне’, ‘спрыт’ (Касп.). Укр. сно́та ‘цнота’, рус. дыял. маск. сно́та ‘здагадка, кемлівасць, спрыт’, смал. ‘цнота’. Гл. цнота.

Сно́ўдаць, сно́ўдацца ‘хадзіць, рухацца туды і сюды (часцей без мэты)’, ‘бадзяцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк., Касп., Сцяшк., Варл., Жд. 3, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.; мёрск., Нар. лекс.), ‘снаваць’ (Байк. і Некр.), сну́дацца ‘тс’ (Шат.), сно́ўдацца, сны́даць ‘тс’ (Касп.), сна́ўдацца ‘валачыцца’ (Ян.), снаўда́цца ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж снаўда́ль ‘хто ходзіць без справы’ з літ. snaudãlius ‘соня’ (там жа). Лаўчутэ (Балтизмы, 73) адносіць да балтызмаў, параўн. літ. snaudà, snaudala ‘чалавек, які любіць паспаць’ < snausti ‘драмаць’, ‘быць павольным, марудным’. Розніца ў значэннях узнікла, відаць, пад уплывам снаваць ‘хадзіць туды і сюды’ (гл.). Гл. таксама Свобада, Studies in Slavic Linguistics and Poetics, N. Y. — London, 1968, 246. Гл. наступнае слова.