Снет ‘дошка, якая закрывае бакавы ўваход у калодны вулей’ (Маш.; чэрв., З нар. сл., ТС), сні͡ет ‘верхняя накрыўка борці’, ‘накрыўка ў вуллі, наверсе востра абчасаная’ (Маш.), ‘(у борці зверху) дубовая дошка даўжынёй да 1,5 м, шырынёй 15 см і таўшчынёй 8–10 см’ (Пятк. 1), снедзь ‘дошка для закрывання лятка, уваходу’ (ТС, Мат. Гом.), сні͡едь ‘тс’ (Сержп. Борт.), сні͡ед ‘тс’ (Сержп. Грам.), снет, снёт, сніт, сне́то, снето́к ‘дзверцы ў стаячым вуллі’ (ЛА, 1), сніт ‘лінія, па якой распілоўвалася дрэва ўдоўж ці ўпоперак’ (беласт., Сл. ПЗБ), сніці́на ‘снет’ (зэльв., Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, сні́тка ‘невялікая луста, скібка’ (Скарбы). Укр. сніт ‘дошка, цурбан’, рус. снеть (снедь — са знакам пытання ў Даля) ‘дошка, якая закрывае бакавы ўваход у вулей’, польск. śniat, śniad ‘ствол дрэва’, ‘на адсечаным дрэве тое месца, дзе яно адсечана ад кораня’, ‘дошчачка для закрывання даўжэі ў борці’, каш. sńat ‘калода, дрэва’, н.-луж. snět ‘кусок дрэва (толькі ва ўласных імёнах)’, чэш. snět ‘ствол дрэва’, дыял. ‘галінка’, ‘звязка або слой бярвенняў у плытагонаў’, славац. sneť, snietka ‘галінка’. Прасл. *snětъ < і.-е. *snoi̯to‑, што ўзыходзіць да і.-е. кораня *snei̯t‑ ‘рэзаць’, кантынуантамі якога з’яўляюцца таксама гоц. sneiꝥan, ст.-ісл. sniđa ‘рэзаць, жаць’, ст.-в.-ням. snīdan (сучаснае schneiden) ‘рэзаць’, ст.-ісл. sneiđ ‘адрэзаны кавалак’, швед. дыял. sneis ‘тонкая галінка’. Гл. Покарны, 974; Фасмер, 3, 698; Махэк₂, 564; Шустар-Шэўц, 1328; SEK, 4, 341; ЕСУМ, 5, 336.