Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Зана́дра ’каўнер, выраз у кашулі’ (Нас.). Са ст.-польск. zanadra (суч. zanadrze) ’пазуха’, дзе (як і ў славац. zaňadrie ’тс’) з za + nadr‑. Гл. нетры.

За́ніц ’дарма’, ’многа’ (Шат.). Рус. (у Літве) за́ниц ’тс’ (< бел. ці польск.). З за ніц ’за нішто’; ніц < польск. nic ’нішто, нічога’. Націск на першым складзе можа ўказваць на польск. паходжанне слова ў цэлым.

Заніце́ць ’стаць тонкім, кволым (пра расліны)’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, з ніць (гл.) ’стаць тонкім, як ніць’ (параўн. ніткаваты).

Зано́даць ’змучыць’ (Сл. паўн.-зах.). Ад нодаць ’псаваць’ (Касп.). Параўн. знодаць.

Зано́за ’туга, жаль, сум’ (Нас.), ’прут для замацавання ярма; кіёк для замацавання века на кубле’, ’палачка для пляцення лапцей’, ’стрэмка’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зано́за ’стрэмка’, раст., дан., кур., арл., паўд.-зах. ’частка ярма’, укр. зано́за ’кіёк для замацавання ярма’, польск. дыял. zanoza ’затычка ў ярме’, zanozka, zanoże ’тс’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова zanoziti ’праткнуць, пракалоць’ са спецыялізацыяй значэнняў; Шанскі, 2, З, 50. Значэнне ’туга’ < ’тое, што баліць, трывожыць’ < ’стрэмка’. У za‑noz‑iti той жа корань, што ў нож, нізка (гл.).

Зано́рысты ’пакручасты; дрэва, якое цяжка раскалоць’ (Сл. паўн.-зах.). Магчымыя версіі: да нораў, г. зн. дрэва «з норавам»?, да нора ’дупло’?, да *норити (гл. ныраць) ’дрэва, што было патоплена’? Няясна.

Заняпа́д ’упадак’. Укр. занепа́д ’тс’. Параўн. рус. бранск., смал., кур., арл. занепасть ’зрабіцца слабым, хваравітым’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *занепадати, *занепад + ти > *занепасти. Складанасць у сумяшчэнні значэння кораня (пад‑) і кампанента не-, якое дае ’не падаць’, што не адказвае сапраўднаму значэнню слова (прэфікс за‑ азначае пачатковы этап ці завяршэнне дзеяння, а таму ў гэтых разважаннях неістотны); параўн. рус. за‑не‑мочь. Калі ўлічыць наяўнасць рус. варонеж., бранск., кур., уладз., ярасл., кубан. занапастить(ся) ’мець напасці, г. зн. непрыемнасці; знікнуць, замучыць, страціць’, відаць, трэба ўводзіць слова да *занапасти, у якім потым адбылася ўзмацняючая народна-этымалагічная замена на > не: *занепасти.

Заня́так ’справа; урок’. Ад дзеяслова *za(n)ę‑ti утварыўся дзеепрыемнік *zanęt‑, да якога далучаны суфікс ‑ъk‑ъ, у той час як рус., укр. формы занятие (‑я), заняття утвораны з суф. *‑ij‑e, як і ў польск. (без ‑n‑, што ўстаўлялася пад уплывам прэфіксаў *sъn‑, *kъn‑) zajęcie ’тс’. Аснова *za(n)‑ę‑ ўключае корань *ę‑//*im‑//*em‑; гл. узяць, ёмкі і інш.