Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

За́хад ’захад сонца, іншых свяціл; краіна свету’. Рус. заход ’захад, сонца, свяціл’, укр. за́хі́д ’тс’, за́хід ’краіна свету’, польск. zachód ’час захаду сонца, краіна свету’, ’клопат’, н.-луж. zachod ’мінулае’, в.-луж. zachod ’уваход’, чэш. уст. дыял. záchod ’захад (сонца)’, чэш., славац. zachód ’туалет’, славен. zahòd ’захад (сонца), краіна свету’, ’абход’, ’клазет’, серб.-харв. за́ход ’захад (сонца), краіна свету’, ’клазет’, балг. за́ход ’уваход’, ’клазет’. Ст.-слав. заходъ ’захад сонца’, ’клазет’. Ст.-рус. заходъ ’захад сонца’, ’клазет’. Бязафіксны назоўнік, суадносны з xodъ (гл. ход), утвораны, відаць, з чаргаваннем галоснага ад дзеяслова za‑xed‑ti (x < s пасля i, u, r у прэфіксах pri‑, u‑, per‑, а потым x > š перад e: za‑šed‑ti; параўн. рус. зашедший, восшествие). Знач. ’краіна свету’, магчыма, замацавалася пад польск. уздзеяннем. Брукнер, 181; Фасмер, 4, 252–253; Шанскі, 2, З, 72, 73.

Захалу́жжа ’закутак’ (Мат. Гом.). Параўн. рус. захолустье, дыял. валаг. захалу́зье, цвяр. захолужье. Конфікс za‑ + ‑ije з коранем xalǫg‑ (гл. халуга) дае za‑xalǫz‑ije. адкуль захалужжа. Фасмер, 2, 83; Шанскі, 2, З, 73; Львоў, ЭИРЯ, 1, 32.

За́хва ’прыстасаванне для прымацавання лодкі падчас рыбалкі (калы, убітыя на глыбокім месцы ракі)’ (Касп.). З суфіксам ‑ва ўтвараюцца некаторыя назвы меса, прылад: пратва ’месца для прання’, брытва, кочва ’выкачанае месца’ (Сцяцко, Афікс. наз., 34). Аднак элемент зах‑ не тлумачыцца. Магчыма, тут сувязь з захватваць (як пошва ’навалачка’ з пашыць, пашываць), менш верагодна сувязь з захаваў. Няясна.

Захлупіцца ’захлынацца’ (Янк. II). Рус. захлупить ’закрываць’, захлупаться ’заблытацца’, славен. zahlúpniti ’задыхнуцца (парай)’, балг. захлупям, захлупвам ’накрыць, закрыць’. Параўн. славац. zachlipnať ’захлынацца’. Наўрад ці выклікае сумненні сувязь з захлынацца, хлынуць. Не абгрунтоўваецца семантычна сувязь з хлупы ’пахілы’ (гл.). Параўн. славен. hlûp ’пара, смурод’, hlópati ’дыхаць з цяжкасцю’. Няясна.

Захлына́цца. Рус. зах.-бранск. захлыну́ться, укр. захлина́тися ’тс’, славен. zahlíniti ’тс’, zahlipíti ’зрабіць так, каб захлынуўся’. За + хлын‑а‑цца, гл. хлынуць ’ліцца’, адкуль ’заліцца’? Параўн. славац. zachlipnuť si ’захлынуцца’, рус. захлебнуться ’тс’, польск. zachłysnąć się ’тс’, захлупіцца. Хаця сувязь з хлынуць наўрад ці выклікае сумненні, наяўнасць шэрагу паралельных утварэнняў патрабуе далейшага ўдакладнення кораня. Гл. Фасмер, 4, 247.

Захля́нуць ’пахудзець’ (Касп.). Рус. варонеж., зах.-бранск., дан. захля́ть ’стаць хваравітым, спакутаваны, укр. захля́нути, захля́ти ’аслабець, пахудзець’, польск. дыял. zachlać ’аслабець ад п’янства’ (параўн. chlać ’піць (гарэлку)’), zachłysnąć się і да т. п., гл. захлынацца. Паколькі хлынуць і хлянуць блізказначныя, звязаныя праз значэнне ’цячы’ («хлянула кроў з носа», Нас.), магчыма, ’аслабець’ не толькі ад п’янства, але і ад крывацёку і г. д. Няясна. Гл. хлянуць.

Захмандра́ць ’запэцкаць’ (Нас.). Няясна. Ці не памылка чытання, замест захлюндраць: хлю́ндра ’неахайны чалавек (жанчына)’ фіксавалася неаднаразова (Нас., Касп., Шат., Яўс.; навагр., З нар. сл.; в.-дзвін., Шатал.) і этымалагізавалася (Шат., 295) з польск. flondra, flundra. Насовіч дае хлю́ндрыць ’пэцкаць’, вытворнае ад хлю́ндра.

Захухмо́леўшы ’маркотна, самотна’ (Жд. 2). Параўн. чэш. zachumlati ’схавацца’, славац. chuchma ’дурная, бесталковая жанчына’. Няясна.