За, прыназоўнік. Рус., укр., серб.-харв., балг., макед. за, польскі серб.-луж., чэш., славац., славен. za, палаб. zo. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. за. Прасл. za не мае пэўнай і.-е. этымалогіі. Покарны (1, 451–452) звязвае з літ. дыял. ažu, až (літ. už(u)), лат. дыял. az (літ. àiz) і ўзводзіць да *gʼhō ’ззаду’ (параўн. прасл. *za‑dъ і *na‑dъ). Фасмер (2, 69) услед за Эндзелінам (Darbu, 1, 323) указвае, што слав. za суадносіцца з балт. *ažuo, як *na з грэч. ἄνω. Сувязь з прэфіксам vъz‑ (> уз‑) няпэўная, таксама як супастаўленні з арм. za, əz, z. Агляд літаратуры гл. у Фасмера, а таксама ў ESSJ SG, 1, 294.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)