Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Здайна́ ’нагбом’ (слонім., Нар. лекс.). З + р. скл. назоўніка *dojьnъ/o, з якім звязаны вытворныя даёнка, дайніца ’пасудзіна для даення’.

Здань ’прывід’, зданнё ’ўява’, зда́нне ’меркаванне’ (Нас.), здання ’прывід’ (Сл. паўн.-зах.). Ц.-слав. зьдань ’пабудова’. Здань — назоўнік на ‑ь (< *і̆) ад дзеепрыметніка на ‑н‑ да дзеяслова zьd‑ati ’стварыць’, як дыял. дрань ’дранка’ ад *dьratі, рус. рвань ад rъvati. Зданнё, зданне, здання адлюстроўваюць фанетычныя варыянты ўтворанага з суф. ‑ьje прасл. zьd‑an‑ьje (польск. zdanie ’думка, сказ’, чэш. zdání, славац. zdanie ’ўява’, рус. зда́ние < ст.-слав. зьданиѥ ’будова, стварэнне’ і інш.). Семантыка ’стварэнне’ > ’уява’ > ’прывід’ цяжкасцей не выклікае. Прасл. zьd‑ адлюстроўваецца ў ц.-слав. зьдъ ’гліна’, чэш. zed ’каменная сцяна’, польск. zdun > бел. дыял. здун ’ганчар’, славен. zídati ’класці сцяну’, балг. зѝдам ’будаваць’, рус. зодчий ’архітэктар’ (апошнія з чаргаваннем галоснага). Літ. žiedžiù, žiẽsti ’фармаваць, ляпіць’, лат. ziest ’абмазваць глінай’ разам са слав. даюць балта-слав. корань *gʼheidh‑, утвораны, паводле Покарнага (1, 245), перастаноўкай з *dheigʼh‑ (адкуль дзяжа, гл.) ’мясіць гліну, цеста’. Параўн. гоц. deigan ’мясіць’, ст.-інд. dēhmi ’абмазваць’, грэч. τείχος ’каменная сцяна’, лац. fingō ’мажу, фармую’, figura (> бел. фігура). Меркаванне Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 5, 42) аб тым, што здань < sъdati sę ’здавацца’ (г. зн. ’прывідзіцца’) патрабуе ўдакладнення ў частцы архетыпу формы: не sъdati, а zьdati. Пра корань гл. Фасмер, 2, 89; Шанскі, 2, З, 81; Махэк₂, 714; Скок, 3, 653–654; БЕР, 1, 639; Траўтман, 367.

Здаро́вы, здароўе. Рус. здоро́вый, здоро́вье, укр. здоро́вий, здоро́вʼя, польск. zdrowy, zdrowie, серб.-луж. strowy, в.-луж. strowjo, н.-луж. strowje, уст. zdrowy, чэш., славац. zdravý, чэш. zdraví, славац. zdravie, славен. zdrav̀, zdrȃvje, серб.-харв. здра̏в, здра̑вље, балг. здрав, здра̀ве, макед. здрав, здравје. Ст.-слав. съдравъ, съдравие. Ст.-рус. здоровый, съдоровие, здоровье (1151 г.). Прасл. sъ‑dorv‑ъ, sъdorv‑ьje. У формах з пачатковым z‑ асіміляцыя па звонкасці пасля страты ъ; у формах з s‑, відаць, асіміляцыя па глухасці (магчыма, аднак, што тут іншы корань; гл. Фасмер, 3, 768). Элемент меў, паводле Бадуэна дэ Куртэнэ (Зб. Брукнеру, 221), суадносіны са ст.-інд. su ’добры’. Элемент dorv‑ < і.-е. *deru‑ ’дрэва’ (гл. дрэва), ’добры, здаровы, як дрэва’. Фасмер, 2, 91; Шанскі, 2, З, 82; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1969, 12, 140; Скок, 3, 646; Покарны, 1, 216. Іншую этымалогію прапануе Ондруш, , 9 (1958), 147–148: zdorv‑ < storv‑ < sorv‑ < *sol‑v‑ (лац. salvus ’здаровы’ і інш.). Гэту этымалогію прыняў у другім выданні Махэк₂, 713. Супраць яе Ваян, RÉS, 41 (1962), 169; Трубачоў, Дополн., 2, 91. Іншыя тлумачэнні ў Фасмера. Булахаў (Прыметнік, 3, 77–80) прасочвае развіццё якасных адценняў слова здаровы ў бел. мове.

Зда́рыцца ’адбыцца’. Укр. уст. зда́ритися ’ўдавацца’ (Жэлях.), польск. zdarzyć się ’адбыцца’, н.-луж. zdariś se ’ўдавацца’, чэш. zdařiti se, славац. zdariť sa. Традыцыйнае тлумачэнне ад darъ < dati (Бернекер, 1, 179; Брукнер, 649; Голуб-Копечны, 434) з улікам чэш. разм. прывітання na zdar ’на шчасце, на здароўе’ выклікае семантычныя цяжкасці — перш за ўсё значэнне прэфікса, складаны шлях утварэння zdar (da‑ti > darъ > dariti > sъdariti > sъdarъ?), няпоўную вытлумачальнасць семантыкі ў цэлым. На гэта звярнуў увагу Зубаты (I, 1, 131–138), прапануючы сувязь з іншым *dar‑, якое прадстаўлена ва ўдар, ударыць (паводле Фасмера, 4, 149, да драць, гл.), што падтрымлівае Махэк₂, 110–111. Гэта, аднак, не рашае праблемы. Магчыма, трэба шукаць яе рашэння ў суадносінах з карнямі, што маюць значэнне ’тварыць’. Магчыма, zьdariti (’стварыцца’ >) ’адбыцца’ < zьdarъ ’стварэнне’ < zьdati ’тварыць’ (< ’будаваць’ < ’ляпіць’). Пра корань гл. здань. Іншае тлумачэнне праз суадноснасць з і. е. *dher‑, *dherǝ‑ ’трымаць’ (Покарны, 1, 253), прадстаўленым літ. derė́ti ’быць патрэбным’, darýti ’рабіць’, лат. derêt, darît ’тс’; семантычны ход: ’атрымацца’ > ’адбыцца’ ці ’зрабіцца’ > ’адбыцца’. Патрэбны далейшыя даследаванні.

Здзек ’зняважлівыя паводзіны’. Рус. зах.-бранск. зде́ки ’здзекі’. Параўн. рус. смал., пск., калін., зах.-бранск. здекаться ’свавольнічаць, насміхацца, здзекавацца’, алан. здекнуться ’ўперціся’, валаг. дековаться ’здзекавацца’. Рус. издеваться традыцыйна ўзводзіцца да jьz‑dě‑va‑ti‑sę з коранем dě‑, як у дзець (гл.), семантычна праз ц.-слав. выраз издѣти имѧ ’даць (утварыць) імя, мянушку’ (Зубаты, 1, 1, 93) ці праз сувязь з раздевать: ’зняважыць, зняўшы адзенне’ (Пізані, Paideia, 8, 1953, 2, 112). Ст.-слав. издѣꙗти (издѣти) азначала ’зрабіць, утварыць’, што з дадаткам значэння ’выносіць’ захавалася ў ц.-слав. издѣти, издѣвати. Значэнне ’рабіць, утварыць’ адлюстроўваецца не ў дзець, а ў іншых адгалінаваннях кораня dě‑ (гл. дзея). Але магчыма звязаць здзек і з іншым коранем, што мае значэнне ’ствараць’, *zьd‑ (гл. здань). Бел. здзек утворана з суфіксам ‑к‑ (як знак, язык, гл. Мейе, Études, 335–337) ад дзеяслоўнай асновы jьz‑dě‑ti ці zьd‑ě‑ti. (Фасмер, 2, 122; Шанскі, 2, И, 30).

Здо́лець, здале́ць ’магчы, змагчы’. Параўн. до́ліць ’перамагаць’ (Нас.). Рус. пск. сдолять, сдолить ’перамагчы’, пск., цвяр., дан. здо́лить, смал., прыбалт. вздо́леть ’тс’, укр. здола́ти, здолі́ти ’перамагчы’, польск. zdoleć ’змагчы’, чэш. zdolati, zdoliti ’змагчы, перамагчы’, славац. zdolať ’тс’. Ст.-рус. съдолѣти ’перамагчы, умацавацца’ (XIV ст.). Прасл. (паўн.) sъ‑doliti, *sъdolěti — прэфіксальны адыменны дзеяслоў з коранем dol‑ (гл. дол) і значэнне ’змясціць унізе — паваліць’, адкуль перан. ’перамагчы’ (параўн. рус. одолеть, укр. подолати ’тс’) > ’змагчы’. Трубачоў, Эт. сл., 5, 62; Трубачоў, Дополн., 1, 525 (доли́ть ’перамагаць’, doliti). Іначай менш верагодна: ад доля праз значэнне ’дзяліць’ Бернекер, 1, 206–207; Фасмер, 1, 525; Слаўскі, 4, 63; Брукнер, 92; Голуб-Копечны, 104. Яшчэ іначай: да і.-е. кораня *dher‑ ’трымаць’, ’падтрымліваць’, Махэк₂, 123. Але Покарны (1, 252–253) не ўказвае фармацый на ‑l‑ з гэтым коранем; таму патрэбна дадатковая аргументацыя.

Здо́льны ’такі, што ўмее ці можа што-н. рабіць, таленавіты’. Польск. zdolný, чэш., славац. zdolný ’тс’, славен. zdọ̑ljnji ’ніжні’ (< zdolu ’знізу’). Бел. здо́льны, відаць, з польск. zdolny, утворанага ад zdoleč ’змагчы’ — дзеяслова, пашыранага ў гэтым знач. у зах.-слав., пры дапамозе суф. ‑n‑. Параўн. здолець.

Здор ’нутраное свіное сала’. Рус. сдор (Даль), укр. здір ’тс’. Бязафіксны назоўнік з аблаўтам ад здзерці, здзіраць (гл. дзерці) ’тое, што здзіраецца’. Фасмер, 9, 586; Лекс. Палесся, 132–136.

Здра́вы ’моцны, дужы’ (красл., Сл. паўн.-зах.). Развіццё значэння, адзначаемае таксама для здаровы (гл.) на бел. глебе ў запазычанага рус. ці ц.-слав. здравый (< ст.-слав. съдравъ), вядомага яшчэ ў ст.-бел. помніках (Булахаў, Прыметнік, 3, 79–80).

Здра́да ’пераход на бок ворага’. Рус. смал., варонеж., паўд., зах. зра́да, укр. зра́да ’здрада’, польск. zdrada, чэш., славац. zrada. Ст.-бел. здрада, зрада (з 1509 г.). У Насовіча здра́да ’здрада’, але зра́да ’агульная згода’, ’змова’, ’здрада’. Форма з устаўным ‑д‑ толькі ў бел. і польск., верагодна, бел. здрада < польск. zdrada ужо ў ст.-бел. (Булыка, Запазыч., 120). Форма ўключае корань rad‑ ’савет’ (гл. рада), прэфікс з‑ (< *jьz‑), відаць, гэта аддзеяслоўны (jьzraditi) назоўнік. Параўн. ням. з блізкай унутранай формай Ver‑rat ’здрада’ = ’раз + рада’. Значэнні ’згода’, ’змова’ звязаны з унутранай формай. У групе zr‑d устаўное (Карскі, 1, 353) у выніку уяўнай архаізацыі. Здрадца з суф. ‑ца (Гіст. лекс., 99), як і здрада, з польск. у ст.-бел. Меркаванне пра рад < *ręd (Крыўчык, Труды яз., 35) не адпавядае зах.-слав. фактам, дзе rad не можа быць з ręd. Брукнер, 650; Голуб-Копечны, 439; Махэк₂, 505; Фасмер, 2, 105.