Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Здуду́ліцца ’скурчыцца’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. тул. издудо́лить ’высмактаць, змучыць’, славац. zdudliť ’скурчыць’, zdúdliť sa, zdudliť sa ’скурчыцца’. Параўн. рус. дыял. дудо́лить(ся) ’піць, ссаць многа, доўга’, славац. dudlať ’выдаваць гукі булькання’, ’мармытаць’, рус. смал. дудо́ля ’дзіця, што яшчэ ссе’. Насуперак Фасмеру (1, 550) звязана, відаць, з дуда (гл.) (якое ў дыялектах мае значэнне ’соска’ (кур.) звязана з рус. дыял. дудить ’доўга і многа смактаць’), з суф. ‑уля/уль (Сцяцко, Афікс. наз., 67) ад дзеяслова ўтвараецца назоўнік *дуд‑уля/*дуд‑уль, на базе гэтага дзеяслоў *дудуліць, адкуль з прэфіксам з‑ (< jьz‑) *здудуліць ’выссаць’ > ’зрабіць скурчаным’, адкуль здудуліцца ’скурчыцца’.

Здуле́ць ’сапрэць’ (Сл. паўн.-зах.). З прэфіксам з‑ ад дулець ’тлець; пыліць’ (гл.), якое мае паралель у рус. дулеть, смал., арл. ’гарэць, тлець, а таксама ў літ. dūlė́ti ’прэць, тлець’.

Здух, зду́хавіна1 ’ўпадзіна ў баку каровы’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. амур., кастр. зду́хі ’грудзі, лёгкія, жывот’, сіб. взду́хи ’лёгкія, грудзі’, валаг. вздух ’бок судна’, укр. зду́хи, зду́ховина, зду́хвина ’месца ў частцы цела паміж рэбрамі і жыватом’ (СУМ, Грынч.), здухи ’газы, што выходзяць з арганізма’ (Жэлях.). Звязана з дух (гл.), адно са значэнняў якога ’дыханне’, відаць, праз прэфіксальна-суфіксальны дзеяслоў *въз‑дух‑а‑ти > *уздухаць > *здухаць, ад якога бязафіксны наз. здухздуха) і з суф. ‑іна здух‑ав‑іна (‑ав‑ прыметнікавы суфікс) са значэннем ’прадмет, для якога адзначанае дзеянне тыповае’.

Зду́ха ’дрыгва’ (Сл. паўн.-зах.; пруж., ДАБМ, 685), здухавіна2 ’нізкае вільготнае месца’ (Нас.), ’падзолістая глеба’ (Сл. паўн.-зах.), зды́ховина ’дрыгва’ (ганц., ДАБМ, 754). Укр. дыял. зду́ховина ’багна’, серб.-харв. ѝздуха ’непрыкметная трэшчына ў русле, што ўцягвае рачную ваду’. Насуперак Юркоўскаму (Ukr. hydrogr., 164) прэфікс хутчэй не sъ‑, а jьz‑ (параўн. серб.-харв.) ці vъz‑ (параўн. здух). Трэба пагадзіцца з Талстым (СГТ, 185), што тэрмін непасрэдна звязаны з анатамічным тэрмінам (гл. здух) паводле падобнасці знешняга дзеяння.