Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Зґа́ґа, за́га, за́ґа ’пякотка’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. перм., ярасл., сарат., астрах. изга́га, пск. згага ’тс’, наўг. згага ’рвота’ укр. зга́га ’смага’, ’жаданне’. Пякотка’, польск., н.-луж. zgaga, славац. zhaha, zaha, славен. (i)zgȃga, серб.-харв. zgȁga, балг. (и)зга̀га, макед. дыял. згага ’пякотка’. Ц.-слав. изгага ’пякотка’ (Міклашыч, Lex palaeosl.). Ст.-рус. изгага (1534 г). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова jьz‑gēg‑ti з аблаутам: jьz‑gog‑a > jьzgaga > згага. Дзеяслоўны корань прадстаўлены ў шэрагу слоў жгаць, жэгаць, гл. жага. Фасмер, 2, 121, Скок. 653.

Зґе́ліць ’званітаваць’ (Сл. паўн.-зах.). Прэфіксальны дзеяслоў геліць ’балець, нудзіць, ванітаваць’, відаць, з літ. gélti ’мыць’ (Сл. паўн.-зах., 1, 440, Лаўчутэ, Сл балт., 29).

Зґо́мґаць ’з’есці’ (Сл. паўн.-зах.). Выраз экспрэсіўны, адкуль ґ; магчыма, звязана з гамаць ’есці’ (гл.).

Зґрызо́та ’перажыванне’ (Сл. паўн.-зах.). З польск. zgryzota ’тс’ на што указвае выбухное ґ. Параўн. згрыжа, але суфікс тут ‑ot‑a.

Зґрыя́нт ’натоўп’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. польск. дыял. zgryjatyka ’музыка’, магчыма, ад zgrywać się ’сыгрывацца, дабівацца агульнага гучання ў аркестры, іграць разам’ з наўмысна іншамоўным суфіксам ‑ant. У значэнні і з’яўленні ‑j‑ магла адлюстравацца кантамінацыя з зграя. Выбухное ґ указвае на іншамоўны (польскі) характар слова. Параўн. яшчэ гранда ’кампанія’ (польск. granda ’грамада’, Сл. паўн.-зах.).