Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Зе́бра. З рус. зебра ’тс’ (з польск. было б зэ‑), дзе з англ. ці франц. zebra у XVIII ст. (фіксацыя 1792 г.). У англ., франц. з 1600 г., у партуг., ісп. ужо ў XVI ст. ці з лац. equiferus ’дзікі конь’, ці са слова аднаго з паўд.-афр. плямён. Фасмер, 2, 91; Шанскі, 2, З, 83; Блох-Вартбург, 673; Окс. сл., 3868 (11, 87); Махэк₂, 714. Перан. зебра ’паласа дарогі для пераходу пешых’, паводле афарбоўкі, у 60–70‑я гады XX ст.

Зе́брыкі ’расліна братаўка дуброўная (брат-сястра), Melampyrum nemorosum L.?’ (ельск., Жыв. сл.). Параўн. рус. дан. зе́брик ’шчарбіна’. Паколькі ў кветак зебрыка адзначаюцца зубцы, якія таксама бываюць факультатыўна ў асновы лісткоў, відаць, бел. назва расліны звязана з рус. зебрик ’шчарбіна’, якое, відаць, суадносіцца з зебры ’жабры’, ’сківіцы’ паводле формы, вядомых у тых жа гаворках (параўн. і бел. зябры); гл. жабры. Назва зубца з памяншальным суфіксам ‑ик > ‑ык, а назва расліны па мн. л., магчыма, у сувязі з парнай назвай брат з сястрою, Иван да Марья і г. д. Трубачоў, Дополн., 2, 91. Гл. зябер.

Зе́кры ’вочы’ абл. (ТСБМ), тураў. зе́кра ’пашча (у рыбы)’, ’губы’. Ст.-рус. зекрый ’блакітнавокі’ (XIII–XV стст.), изекрый (XV ст.) ’блакітны, блакітнавокі’. Параўн. зікраты, зіґраты, зеґраты ’вірлавокі’, зэ́ґры ’вочы’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. уст. дыял. зі́кри ’касыя вочы’ (Жэлях.), зікратий ’белавокі’ (Грынч.). Аднясенне да кораня зірк, зрок (гл.) з метатэзай выклікае пэўныя цяжкасці (Фасмер, 2, 92, 94). Няясна.

Зе́лкі ’лекавыя травы’. Рус. урал. зело́к ’прут’, ярасл. ’трава’, зелки (ЛітССР) ’хвошч’, польск. ziołko ’трава’, ziele ’трава, лекавая трава’, серб.-луж. zełko ’траўка’, славен. zę̂lka ’Kräutchen’, балг. зѐлка ’качан капусты’, макед. зелка ’капуста, качан капусты’. Ст.-рус. зелка ’траўка’ (XVI ст.) Прасл. *zel‑ + ъk‑a з тым жа коранем, што ў зелле, зялёны (гл.): прасл. *zel‑ < і.-е. *gʼhl‑ і суфіксам ‑ък‑а. БЕР, 1, 633. Параўн. Трубачоў, ЭИРЯ, 2, 36–37.

Зе́лле ’травы’. Рус. зе́лье уст. ’травы’, суч. ’настой на травах’, прастамоўн. ’гарэлка, тытунь’, уст. ’порах’, укр. зілля ’травы’, ’настой, тытунь, гарэлка’, ’непрыемныя людзі’. Польск. ziele ’травы’, ’лекавыя травы’, серб.-луж. zelo, zele, палаб. zilĕ ’трава’, чэш. zelí капуста’, уст. ’трава’, славац. дыял. zelie ’капуста’, славен. zę́lje ’капуста’, ’трава (у наменклатурных складаных назвах), серб.-харв. зе̑ље ’зелле’ назвы некаторых ядомых раслін (капуста, шчаўе і інш.), балг. зѐле ’капуста’, макед. зелје ’шпінат’ (а таксама іншая зеляніна). Ст.-слав. зелиѥ ’расліна’. Ст.-рус. зелие, зелье ’трава, расліна’, ’лекавыя травы’, ’атрута’, ’порах’, ’прыправы’. Прасл. *zel‑ьje з тым жа коранем *zel‑ < і.-е. *gʼhl, што ў зялёны (гл.) і зборным суфіксам ‑ьje. Параўн. літ. žolė, лат. zâle ’трава, зелле’. Шанскі, 2, З, 85; Фасмер, 2, 92–93; Праабражэнскі, 1, 248–249; Траўтман, 365; БЕР, І, 631.

Зе́льна1 ’тлумна’, зялі́цца ’тлуміцца’ (бялын., Яўс.). Рус. перм., пск., тамб., арл. зе́льно ’вельмі, надта’. Зыходзячы з рус. значэння відаць, суадносіцца з *zělo ’вельмі’ (адкуль і прыслоўе дазела ’вельмі’ (Нас.) < *do zěla): прыметнік з суфіксам ‑ьn‑, прыслоўе, ад якога на ‑a, а таксама дзеяслоў на ‑i‑ti sę > ‑іцца. Прасл. zěl‑ (ст.-слав. ѕѣлъ, славен. zelô, ст.-чэш. zielo ’вельмі’) да і.-е. кораня *gʼhoilo‑ ’моцны, вясёлы, жвавы’ (Покарны, 1, 452): літ. gailùs ’злосны, востры’, лат. gails ’юрлівы’, ст.-в.-ням. geil ’тс’ і інш. Фасмер, 2, 92; Шанскі, 2, З, 85; Львоў, ДС ИЯ, 8, 88–100; Траўтман, 75.

Зе́льна2, зельна свята, зелна ’спас’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. Matka Boska Zielna ’назва каталіцкага свята 15 жніўня’, відаць, крыніца бел. слова (і злучэння). Адпаведная праваслаўная назва — Прачыста < прѣчистая, аспожка (гл.) > спожка. Параўн. Грынблат, Белор., 257. Польск. уст. zielny ад ziele ’зелле’, гл. зелле з прыметнікавым суф. ‑n‑.

*Зелянчу́к, зеленчу́к ’недаспелы плод’ (жыт., Нар. словатв.). Рус. куйбыш. зеленчу́к ’тс’, літарат. ’дабраполь, Galeobdolon Adans’, кур., разан., тамб. ’маладая жывёліна’, балг. зеленчу́к ’агародніна’. Ад прыметніка зялёны (гл.) з суфіксам ‑чук (Сцяцко, Афікс. наз., 126, дзе, аднак, недакладна форма, значэнне, рэгіён і прымета, пакладзёмся ў аснову намінацыі). Ці можна лічыць лексему прасл. дыял. — няясна.

*Зеляпа́н, зелепа́н ’малы шчупак’ (жыт., Нар. словатв.). Утвораны з суфіксам ‑ан (Сцяцко, Афікс. наз., 26) ад кораня *зелеп‑, пра які гл. зялепаць. Больш пашырана зяле́пуха ’недаспелы плод’ (гл.), таму магчыма, што назва малой рыбы — перанос з назвы плода. Не выключана і самастойнае ўтварэнне паводле прыметы ’малы’, ’малады’ ці ’зеленаваты’. Няясна.

Земя́кі ’бульба’ (Сцяшк.). З польск. дыял. ziemiaki, літ. ziemniaki ’тс’, утворанага на базе калькі назвы бульбы ў некаторых еўрап. мовах са значэннем ’земляны яблык’ франц. pomme de terre з 1655 г. для абазначэння земляной грушы, тапінамбура, Helianthus tuberosus, а з другой палавіны XVIII ст. — бульбы, ням. дыял. Erdapfel, гал. aardappel) з прыметнікавай асновы ziem(‑ьn)‑ (ад ziem‑ia, гл. зямля) з суфіксам ‑iak.

Зені́т ’найвышэйшы пункт неба’. З рус. зени́т ’тс’, запазычанага, верагодна, у XVII ст. з лац. zenith < араб. senit, sinit ’кірунак, дарога’. Шанскі, 2, З, 89; Фасмер, 2, 94; Біржакава, 362; Купіна, Формиров., 122; Крукоўскі, Уплыў, 90.