Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Зя́бер ’расліна Galeopsis’, жа́бер (Жд. 2) ’Scrophularia nodosa’, жабо́р ’Galeopsis’, ’асцюк’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал., цвяр., арл. зя́бер, зя́бирь, зя́берь, маск., жа́бер, маск., вяцк., цвяр., іркуцк., табол. жабре́й ’тс’ (апошняе і ў функцыі назваў іншых раслін), укр. жабрі́й ’тс’, польск. уст. zibrz, н.-луж. zyber ’тс’, в.-луж. уст. zabr, zabrij, славац. дыял. ziabor ’Galeopsis’, ’Lamium’ (Калал), чэш. уст. žabr (Махэк, Jména rostl., 196) ’Galeopsis’, славен. zę́brot ’тс’, zęber ’нейкая трава’, серб.-харв. срба ’Galeopsis’, балг. жабрей ’Linaria’. Верагодна, перанос, паводле знешняга выгляду кветкі ці лісця, ад жабры (гл.) ці вытворнай ад жа́ба1, 2 (гл.) назвы хваробы тыпу ст.-чэш. žáber (Плевачава, Этимология, 1966, 90–96; там іншая літ-ра). Параўн. ням. назву ’Scrophularia’ Sauwurz ’свіное зелле’; гэтай травой лячылі свінку (заўшніцу), якая мае сярод іншых і назву, звязаную са словам жаба як назву пухліны на горле, шыі (Махэк, Jména rostl., 211; Мяркулава, Этимология, 1963, 76). Трэба ўлічыць пры гэтым, што ў дыялектах сустракаецца форма зябры ’жабры’ (але не тыпова *зяба ’жаба’). Варыяцыя зябержабер, як і жабрызябры, не растлумачана. Буліч (ИОРЯС, 10, 2, 428), матывуючы назву тым, што (Xleopsis мае зубавідныя чашачкі, калючая (параўн. прыклад у Сл. паўн.-зах.: зябра калючая), звязваў яе са словам зуб (*zęb‑*zǫb‑). Гэта падтрымлівае Фасмер, 2, 111. Ільінскі (ИОРЯС, 24, 1, 125) высунуў ідэю кантамінацыі зуб і жабры. Няясна. Параўн. яшчэ жыбулька.

Зя́бліва ’асенняе ўзорванне поля, а таксама поле, узаранае з восені пад веснавую сяўбу’, зяб, зя́бла, дзя́бля (Выг., Лекс. Палесся), зя́блі, зя́бра, зя́бліна (Сл. паўн.-зах.), зя́бла, зя́бер (Нас.). Рус. зябь, дыял. зябль, зя́бель, укр. зяб ’тс’. Параўн. зя́бліць, дыял. зя́брыць, рус. зя́бить, зя́блить ’рыхтаваць (узорваць) пад зябліва’. Параўн. у рус. гаворках зя́бель расліны, збожжа, павітае марозам на полі’ (арханг., алан., пск., смал.) і наогул ’замарожаная рэч, дрэва’, ’сцюжа’, ’гніль (у дрэве)’, ’дрыгва’. Даль (1, 698–699) аднёс зябь, зябль, зя́блина да кораня зябнуть паводле семантычнага ходу: поле, пакінутае на зіму зябнуць. Таксама Міклашыч, 401. Але, калі ўлічыць, што гэта можа быць і ’азімы пасеў’ (пабіты марозам), ці не трэба звязваць са старажытным значэннем zęb‑ti > ст.-слав. зѧти ’рваць’, прозѧбати ’прарастаць’, як ’рунь’, ’усходы’. Няпэўна. Плевачава, Этимология, 1966, 94; Фасмер, 2, 110–111; Шанскі, 2, З, 116; Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 89. Параўн. зябнуць, зуб.

Зя́бнуць ’мерзнуць’. Рус. зя́бнуть, польск. ziębnąć, в.-луж. zebać, чэш. zábnouti, славац. ziabnuť, славен. zę́bsti ’тс’, серб.-харв. зе́бнути, балг. зѐбна ’тс’. Ст.-рус. зябнути ’мерзнуць’ (XVI ст.). Параўн. ст.-рус. зябнути ’прарастаць’. Прасл. zęb‑nǫ‑ti. Параўн. літ. žem̃bti ’рэзаць’, žémbėti ’прарастаць’, алб. dhëmp ’баліць’. Фасмер (2, 11), Шанскі (2, З, 115–116) звязваюць з *zęb‑ і *zǫb‑ (гл. зуб, зябліва). Семантычна праз ’баліць’ (Скок, 3, 651) ці, больш верагодна, праз ’рыхтаваць пад зябліва’ > ’араць у халодную пару’ > ’мерзнуць’ (Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 89). І.‑е. корань, паводле Трубачова, *gʼen ’нарадзіцца’ з пашырэннем *‑bh‑; гл. у Покарнага, I, 369, *gʼembh‑. БЕР, 1, 629–630; Трубачоў, История терм., 153.

Зява́ць ’міжвольна ўдыхаць паветра’. Рус. зева́ть, укр. зіва́ти, польск. ziewać, н.-луж. zewaś, чэш. zivati, славац. zívať ’тс’, славен. zę̋vati ’трымаць вусны адкрытымі, крычаць’, серб.-харв. зе́вати ’трымаць вусны адкрытымі, зяваць’, ’ззяць’. Ц.-слав. зѣвнѫти. Ст.-рус. зѣвати (XVIII ст.). Ад і.-е. *gʼhēi‑ ’быць пустым’ > прасл. *zě‑ з дадаткам дзеяслоўнага ітэратыўнага суф. ‑va‑: zěvati. Пра корань гл. ззяць1. Слав. слова мае балт. адпаведнікі: літ. žióvauti, лат. žàvât ’ззяць, зяваць’ (лат. ž не тлумачаць Мюленбах-Эндзелін, 4, 798 і 795; Фрэнкель, 1312; Траўтман, 368). Фасмер, 2, 91. Шанскі (2, З, 84) тлумачыць зевать ад зев (гл. зеў).

Зязю́ліць ’біць’, ’піць гарэлку’ (Нас.), зязюлець ’рабіцца мутным, шэрым’ (Нас.). Словы са значэннем ’зязюля’ маюць у розных мовах шмат пераносных значэнняў, звязаных з павер’ямі, а таксама гукавобразнымі ўявамі. Трэба ўлічыць зюзь, рус. зюзю́кать ’піць’. Для «птушынай» семантыкі ’піць’ параўн. савець, салавець. У выніку ўзаемадзеяння, з аднаго боку, гукавобразных уяўленняў, а з другога боку, уяўленняў аб суадносінах выгукаў зязюлі з ударамі і ўзніклі значэнні, звязаныя таксама з указаным (гукавобразным) рус. словам. Насовіч (223) этымалагізуе зязюлець ’рабіцца шэрым, падобным да колеру зязюлі’. Гэта таксама ўваходзіць, верагодна, у сінкрэтычнае вобразнае знач. слова і яго станаўленне.

Зязю́ля ’птушка Cuculus’, дыял. зязю́лька, зогзу́ля, зеўзю́лка, зовзуля, зяўзуля. Рус. кур., бранск. зязю́ля, зах., паўд., кур., цвяр., табол., прыбалт. зозу́ля, укр. зозу́ля, дыял. зезу́ля, ст.-польск. gżegżołka, палаб. züzaicka (< *zozučьka), чэш. нар. žežulka, žežhulka, zezulka, славац. дыял. žežhulica (Калал). Ст.-рус. жегъзуля, жегозуля, зегзица, зегула (XIV ст.). Геаграфію і формы зязюля гл. ДАБМ, к. 309. Зязюля < зезюля < зезуля < зегзуля (параўн. ст.-рус. зегзица) < прасл. дыял. žegъzulja. Літ. geguže, gegùžis, лат. dzęguze, ст.-прус. geguse ’зязюля’, літ. gegužė̃lė ’заразіха’ разам са слав. коранем *žegъz‑ дазваляюць рэканструяваць балта-слав. *gegugʼ‑ і гаварыць аб агульнай суфіксацыі (‑ė̃le, ‑ulʼa). Пра суфікс ‑la гл. Слаўскі, SP, 1, 110–111. Да і.-е. адпаведнікаў балт. і слав. форм адносяць герм: ст.-ісл. gaukr, ст.-в.-ням. gouh ’зязюля’. Тады і.-е. праформа з *gh: *gheghŭg‑. Калі сюды ням. Kuckuck, і.-е. з *g. Ясна, што анаматапея аказвала моцнае ўздзеянне на лёс кораня. І.‑е. аснова тлумачыцца як узнікшая ў выніку рэдуплікацыі. Калі падвоены (часткова) элемент ghugʼ‑ назва, роднасная іншым назвам птушак: літ. gùžas ’бусел’; параўн. рус. дыял. черногуз, укр. чорногуз ’тс’. Трубачоў, КСИС, 25, 99; Клепікава, ВСЯ, 5, 162. Але семантычны ход патрабуе ў гэтым выпадку ўдакладнення. Магчыма, у і.-е. назве зязюлі падваенне гукапераймальнага элемента *ghe‑, як у гагара, гогаль (Пякарны, 1, 407). Параўн. назвы зязюлі ў іншых мовах з гукапераймальным паўторам тыпаў ku‑ku, gu‑gu, напр. кірг. kükük, тур. guguk, груз. guguli, кабардз. kʼǝgugw, венг. kakuk, у тым ліку ў і.-е.: лат. cuculus, асец. gakkuk, guguk і інш. На слав. глебе першае *g‑ (< gh‑?) палаталізавалася ў *ž‑, а потым адбылася дыстантная асіміляцыя ‑ž‑ да апошняга ‑z‑ < ‑gʼ‑ (‑gʼh‑?). Другое ‑g‑ было ўтрачана ў спалучэнні зычных у некаторых дыялектах (у іншых захавалася). Габаўшцяк (ОЛА, 1973, 23–25) паказаў, што тэрыторыя пашырэння назвы тыпу зязюля ахоплівае перш за ўсё ўкр. і бел. мовы, а таму думка Арлова (Слово о полку Игореве₂. М., 1946, 131–133) пра зах.-слав. запазычанне ва ўсх.-слав., падтрыманая Булахоўскім (Избр. тр., 3, 258–259), не можа быць прынята. Пра балт. адпаведнікі і і.-е. форму гл. Траўтман, 81; Фрэнкель, 142–143; Тапароў, E–H, 189–191. Параўн. яшчэ Абаеў, 1, 506; Шантрэн, 553–554; Эрну-Мейе, 154. Аб слав. формах Фасмер, 2, 91–92; Сабалеўскі, Лекции, 143; Махэк₂, 726; Будзішэўска, Słown., 97; Струтынскі, Nazwy 44–45, 88, 148–149, карта; Непакупны, Baltistica, XI (2), 139–140. Польск. дыял. zieziula з укр. і бел. Дзендзялеўскі, Паралелі, 62–63; Пальцаў, Тэзісы дакл. маладых вучоных, 1970, 37. Параўн. Антропаў, дыс., 258–259.

Зяле́за ’жалеза’ (Багушэвіч, Мар. дыс.). Рус. дыял. зеле́зо, укр. залі́зо. Прасл. želězo (гл. жалеза1). Формы на з‑ у выніку дыстантнай асіміляцыі, як зязюля, залоза (Сабалеўскі, Лекции, 143; Трубачоў, ВСЯ, 2 (1957), 31), ці ў сувязі з вар’іраваннем *gh*gʼh. Параўн. яшчэ Іванаў, История славянских и балканских названий металлов, 1983, 100–101.

Зяле́паць ’ціўкаць, пішчаць (пра куранят)’ (ашмян., Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. желіпнути ’гучна закрычаць’, желіпати ’есці’. Магчыма, прасл. дыялектызм zelp‑a‑ti. Параўн. літ. želpùoti ’балбатаць’, якое, паводле Бугі (Фрэнкель, 1296), роднаснае санскр. jálpati ’мармытаць, гаварыць’. Параўн. у Покарнага (1, 428) і.-е. корань *ghel‑ з падаўжэннем ‑b‑, ‑bh‑: с.-в.-ням. gelpfen ’крычаць, спяваць, прасіць’. Махэк₂ (200) адносіў сюды чэш. chlubiti se, польск. chlubić się ’ганарыцца’, дзе дапускаў змену ch < g; паводле Покарнага, сюды літ. gulbinti ’хваліць’, рус. (без падаўжэння ‑b‑) галиться ’высмейваць’. Калі дапусціць, што корань меў варыянт gʼhel‑ (як *gʼhel‑ ’блішчаць’, прадстаўлены ў зялены, зала, золата, магчыма, меў варыянт *ghel‑, што даў жоўты), ён мог быць падоўжаны ‑p‑ і даць *gʼhel‑p, адкуль зялепаць і інш. Іншая магчымасць — дапушчэнне старажытнага сінкрэтызму свячэння і гучання ў значэнні кораня gʼhel‑ ’блішчаць’ (гл. зялёны), да гэтага схіляюць словы зялепуха, зеляпан (гл.), што захоўваюць, відаць, сувязь з зялёны. Супрун, Baltistica XX (1), 1984, 65–67. Няясна.

Зяле́пуха ’недаспелы плод’, гродз. ’хваравіты чалавек’ (Сцяц.), мсцісл. зеляпу́ха ’недаспелы плод’ (Юрч.). Рус. дыял. зеле́пуха, зелёпуха, зелепу́ха, зеле́пу́х, зелепу́га, укр. зелепу́га, зелепу́ш ’тс’. Ад кораня *зелеп‑ з суф. ‑уха (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 71). Пра магчымае паходжанне кораня гл. зялепаць. Калі ён звязаны з фарбай — ад колеру плода, аднак нельга выключыць і сувязь з «гукавым» значэннем дзеяслова, калі ўлічыць, што ён азначае ў балт. і слав. гукі малых птушак, дзяцей, пра прадстаўленне аб няспеласці; параўн. зеляпан ’малы шчупак’. Няясна.

Зялёны. Рус. зеленый, укр. зеле́ний, польск. zielony, серб.-луж. zeleny, чэш., славац. zelený, славен. zelèn, серб.-харв. зѐлен, балг. зелѐн, макед. зелен. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. зеленъ. Прасл. zelenъ адлюстроўвае суфіксальнае (з прыметнікавым суфіксам ‑en‑) развіццё кораня *zel, прадстаўленага ў зелле, зелкі. І.‑е. корань мае від *gʼhel‑; у іншых і.-е. мовах розныя галосныя элементы (*gʼhlē, як грэч. χλωρός ’жоўта-зялёны’; параўн. χολέρα ’халера’). Форма з ‑e‑ ў балт. словах са знач. ’зелянець’: літ. žélti, лат. zel̂t. Параўн. літ. žãlias, лат. zalʼš, ст.-прус. saligan ’зялёны’, авест. zaranya ’золата’, zairi ’жоўты’, ст.-в.-ням. gluoen ’гарэць’, ням. glühen ’блішчэць’. Таго ж кораня зала́, золата. Фасмер, 2, 92; Шанскі, 2, З, 84; БЕР, 1, 632; Скок, 3, 648; Голуб-Копечны, 435; Саднік-Айцэтмюлер, 336; Махэк₂, 714; Траўтман, 364–365; Покарны, 1, 429–430; Сураўцава, ЭИРЯ, 8, 151–152. Параўн. жоўты, жоўкнуць, дзе варыянты гэтага кораня.