Зяле́за ’жалеза’ (Багушэвіч, Мар. дыс.). Рус. дыял. зеле́зо, укр. залі́зо. Прасл. želězo (гл. жалеза 1). Формы на з‑ у выніку дыстантнай асіміляцыі, як зязюля, залоза (Сабалеўскі, Лекции, 143; Трубачоў, ВСЯ, 2 (1957), 31), ці ў сувязі з вар’іраваннем *gh — *gʼh. Параўн. яшчэ Іванаў, История славянских и балканских названий металлов, 1983, 100–101.
Зяле́паць ’ціўкаць, пішчаць (пра куранят)’ (ашмян., Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. желіпнути ’гучна закрычаць’, желіпати ’есці’. Магчыма, прасл. дыялектызм zelp‑a‑ti. Параўн. літ. želpùoti ’балбатаць’, якое, паводле Бугі (Фрэнкель, 1296), роднаснае санскр. jálpati ’мармытаць, гаварыць’. Параўн. у Покарнага (1, 428) і.-е. корань *ghel‑ з падаўжэннем ‑b‑, ‑bh‑: с.-в.-ням. gelpfen ’крычаць, спяваць, прасіць’. Махэк₂ (200) адносіў сюды чэш. chlubiti se, польск. chlubić się ’ганарыцца’, дзе дапускаў змену ch < g; паводле Покарнага, сюды літ. gulbinti ’хваліць’, рус. (без падаўжэння ‑b‑) галиться ’высмейваць’. Калі дапусціць, што корань меў варыянт gʼhel‑ (як *gʼhel‑ ’блішчаць’, прадстаўлены ў зялены, зала, золата, магчыма, меў варыянт *ghel‑, што даў жоўты), ён мог быць падоўжаны ‑p‑ і даць *gʼhel‑p, адкуль зялепаць і інш. Іншая магчымасць — дапушчэнне старажытнага сінкрэтызму свячэння і гучання ў значэнні кораня gʼhel‑ ’блішчаць’ (гл. зялёны), да гэтага схіляюць словы зялепуха, зеляпан (гл.), што захоўваюць, відаць, сувязь з зялёны. Супрун, Baltistica XX (1), 1984, 65–67. Няясна.
Зяле́пуха ’недаспелы плод’, гродз. ’хваравіты чалавек’ (Сцяц.), мсцісл. зеляпу́ха ’недаспелы плод’ (Юрч.). Рус. дыял. зеле́пуха, зелёпуха, зелепу́ха, зеле́пу́х, зелепу́га, укр. зелепу́га, зелепу́ш ’тс’. Ад кораня *зелеп‑ з суф. ‑уха (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 71). Пра магчымае паходжанне кораня гл. зялепаць. Калі ён звязаны з фарбай — ад колеру плода, аднак нельга выключыць і сувязь з «гукавым» значэннем дзеяслова, калі ўлічыць, што ён азначае ў балт. і слав. гукі малых птушак, дзяцей, пра прадстаўленне аб няспеласці; параўн. зеляпан ’малы шчупак’. Няясна.
Зялёны. Рус. зеленый, укр. зеле́ний, польск. zielony, серб.-луж. zeleny, чэш., славац. zelený, славен. zelèn, серб.-харв. зѐлен, балг. зелѐн, макед. зелен. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. зеленъ. Прасл. zelenъ адлюстроўвае суфіксальнае (з прыметнікавым суфіксам ‑en‑) развіццё кораня *zel, прадстаўленага ў зелле, зелкі. І.‑е. корань мае від *gʼhel‑; у іншых і.-е. мовах розныя галосныя элементы (*gʼhlē, як грэч. χλωρός ’жоўта-зялёны’; параўн. χολέρα ’халера’). Форма з ‑e‑ ў балт. словах са знач. ’зелянець’: літ. žélti, лат. zel̂t. Параўн. літ. žãlias, лат. zalʼš, ст.-прус. saligan ’зялёны’, авест. zaranya ’золата’, zairi ’жоўты’, ст.-в.-ням. gluoen ’гарэць’, ням. glühen ’блішчэць’. Таго ж кораня зала́, золата. Фасмер, 2, 92; Шанскі, 2, З, 84; БЕР, 1, 632; Скок, 3, 648; Голуб-Копечны, 435; Саднік-Айцэтмюлер, 336; Махэк₂, 714; Траўтман, 364–365; Покарны, 1, 429–430; Сураўцава, ЭИРЯ, 8, 151–152. Параўн. жоўты, жоўкнуць, дзе варыянты гэтага кораня.
Зялі́ць ’надакучаць, дурыць (у выразе зяліць галаву)’ (бялын., Янк. Мат.). В.-луж. zelić ’крычаць, праклінаць, лаяцца’. Шустэр–Шэўц (Этимология, 1970, 89), які не ведаў бел. адпаведнік, збліжаў в.-луж. слова з і.-е. коранем *gal‑ ’крычаць’ (Покарны, 1, 250) і параўноўваў з улікам чаргавання галосных, а потым зычных з бел. галіць ’падганяць’, рус. галиться ’насміхацца’, чэш. háliti ’гучна смяяцца’. Наяўнасць бел. адпаведніка можа і падмацаваць прасл. этымалогію, але, магчыма, тут больш новае ўтварэнне — дзеяслоў ад зелле (в.-луж. zelo ’лячэбная расліна’) ’уздзейнічаць зеллем’. Параўн. соль і саліць (перан.). Нельга выключаць і адасобленасці бел. і в.-луж. лексем. Параўн. яшчэ заліць 1.