Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Зязю́ля ’птушка Cuculus’, дыял. зязю́лька, зогзу́ля, зеўзю́лка, зовзуля, зяўзуля. Рус. кур., бранск. зязю́ля, зах., паўд., кур., цвяр., табол., прыбалт. зозу́ля, укр. зозу́ля, дыял. зезу́ля, ст.-польск. gżegżołka, палаб. züzaicka (< *zozučьka), чэш. нар. žežulka, žežhulka, zezulka, славац. дыял. žežhulica (Калал). Ст.-рус. жегъзуля, жегозуля, зегзица, зегула (XIV ст.). Геаграфію і формы зязюля гл. ДАБМ, к. 309. Зязюля < зезюля < зезуля < зегзуля (параўн. ст.-рус. зегзица) < прасл. дыял. žegъzulja. Літ. geguže, gegùžis, лат. dzęguze, ст.-прус. geguse ’зязюля’, літ. gegužė̃lė ’заразіха’ разам са слав. коранем *žegъz‑ дазваляюць рэканструяваць балта-слав. *gegugʼ‑ і гаварыць аб агульнай суфіксацыі (‑ė̃le, ‑ulʼa). Пра суфікс ‑la гл. Слаўскі, SP, 1, 110–111. Да і.-е. адпаведнікаў балт. і слав. форм адносяць герм: ст.-ісл. gaukr, ст.-в.-ням. gouh ’зязюля’. Тады і.-е. праформа з *gh: *gheghŭg‑. Калі сюды ням. Kuckuck, і.-е. з *g. Ясна, што анаматапея аказвала моцнае ўздзеянне на лёс кораня. І.‑е. аснова тлумачыцца як узнікшая ў выніку рэдуплікацыі. Калі падвоены (часткова) элемент ghugʼ‑ назва, роднасная іншым назвам птушак: літ. gùžas ’бусел’; параўн. рус. дыял. черногуз, укр. чорногуз ’тс’. Трубачоў, КСИС, 25, 99; Клепікава, ВСЯ, 5, 162. Але семантычны ход патрабуе ў гэтым выпадку ўдакладнення. Магчыма, у і.-е. назве зязюлі падваенне гукапераймальнага элемента *ghe‑, як у гагара, гогаль (Пякарны, 1, 407). Параўн. назвы зязюлі ў іншых мовах з гукапераймальным паўторам тыпаў ku‑ku, gu‑gu, напр. кірг. kükük, тур. guguk, груз. guguli, кабардз. kʼǝgugw, венг. kakuk, у тым ліку ў і.-е.: лат. cuculus, асец. gakkuk, guguk і інш. На слав. глебе першае *g‑ (< gh‑?) палаталізавалася ў *ž‑, а потым адбылася дыстантная асіміляцыя ‑ž‑ да апошняга ‑z‑ < ‑gʼ‑ (‑gʼh‑?). Другое ‑g‑ было ўтрачана ў спалучэнні зычных у некаторых дыялектах (у іншых захавалася). Габаўшцяк (ОЛА, 1973, 23–25) паказаў, што тэрыторыя пашырэння назвы тыпу зязюля ахоплівае перш за ўсё ўкр. і бел. мовы, а таму думка Арлова (Слово о полку Игореве₂. М., 1946, 131–133) пра зах.-слав. запазычанне ва ўсх.-слав., падтрыманая Булахоўскім (Избр. тр., 3, 258–259), не можа быць прынята. Пра балт. адпаведнікі і і.-е. форму гл. Траўтман, 81; Фрэнкель, 142–143; Тапароў, E–H, 189–191. Параўн. яшчэ Абаеў, 1, 506; Шантрэн, 553–554; Эрну-Мейе, 154. Аб слав. формах Фасмер, 2, 91–92; Сабалеўскі, Лекции, 143; Махэк₂, 726; Будзішэўска, Słown., 97; Струтынскі, Nazwy 44–45, 88, 148–149, карта; Непакупны, Baltistica, XI (2), 139–140. Польск. дыял. zieziula з укр. і бел. Дзендзялеўскі, Паралелі, 62–63; Пальцаў, Тэзісы дакл. маладых вучоных, 1970, 37. Параўн. Антропаў, дыс., 258–259.

Зязю́ліць ’біць’, ’піць гарэлку’ (Нас.), зязюлець ’рабіцца мутным, шэрым’ (Нас.). Словы са значэннем ’зязюля’ маюць у розных мовах шмат пераносных значэнняў, звязаных з павер’ямі, а таксама гукавобразнымі ўявамі. Трэба ўлічыць зюзь, рус. зюзю́кать ’піць’. Для «птушынай» семантыкі ’піць’ параўн. савець, салавець. У выніку ўзаемадзеяння, з аднаго боку, гукавобразных уяўленняў, а з другога боку, уяўленняў аб суадносінах выгукаў зязюлі з ударамі і ўзніклі значэнні, звязаныя таксама з указаным (гукавобразным) рус. словам. Насовіч (223) этымалагізуе зязюлець ’рабіцца шэрым, падобным да колеру зязюлі’. Гэта таксама ўваходзіць, верагодна, у сінкрэтычнае вобразнае знач. слова і яго станаўленне.