Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Зэ́ґар ’гадзіннік’ (Нас.), заґарак ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). З польск. zegar, zegarek ’тс’ (< ням. Seiger ’вадзяны ці пясочны гадзіннік’ у XVI ст., Брукнер, 651), ужо ў ст.-бел. закгаръ (1510 г.). (Булыка, Запазыч., 121; Гіст. лекс., 115).

Зэ́ґры ’вочы’ (Сл. паўн.-зах.). Верагодна, эмацыянальны варыянт да зекры ’тс’ (гл.).

Зэдаль ’услон’. З польск. zedel, zydel < с.-в.-ням. sidel (Дарашэўскі, 10, 1372).

Зэ́нзэль ’расліна таемнік лускаваты, Lathraea squamaria L.’ (бяроз., Нар. лекс.). Параўн. укр. зе́нджул ’гатунак расліны’ (Грынч.). Рус. зензе́вель ’расліна пярэступ, Bryonia L.’, зеньзибель ’імбір’, зинзивей ’мальва (Malva rotundifolia, M. silvestris)’. Верагодна, варыянт гэтай назвы, якую выводзяць з іт. zenzovero ’імбір’ ці тур. zencefil (дыял. zendžebil) < араб. < палі sińgivera < ст.-інд. c̣r̥ηgavēram ’свежы імбір’. Фасмер, 2, 94, 97.

Зэс ’пранізлівы холад’ (Сл. паўн.-зах.). Верагодна, гукавы варыянт *зыз ’холад’ да азызнуць ’азябнуць’ (гл.); параўн. яшчэ дзіцяч. зюзя ’холад’ (гл.). Няясна.