Галі́ць ’брыць’, галі́цца ’брыцца’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ). Укр. голи́ти, голи́тися. У рус. мове голи́ть ’брыць’, голи́ться ’брыцца’ вядома толькі з паўднёвых гаворак у Даля (гл. СРНГ, 6, 294). Можна ставіць пытанне: ці не запазычаны бел. і ўкр. словы з польск. golić, golić się ’тс’? Вырашальным тут павінна з’явіцца адносная храналогія адпаведных слоў. Тэарэтычна мяркуючы, значэнне ’брыць’ магло развіцца ва ўсх.-слав. мовах самастойна. Але адсутнасць яго ў рус. (акрамя паўднёвых дыялектаў) наводзіць на думку, што гэта ўсё ж такі запазычанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)