Га́ліцца ’галіцца’ (Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ), га́ліць ’выклікаць у каго-н. жаданне да чаго-н.’ (Нас.). Вельмі разгалінаванае семантычна сямейства слоў са шматлікай семантыкай. Не заўсёды нават вядома, ці ўсе словы з элементам гал‑ роднасныя этымалагічна. З рус. мовы, што датычыцца складанасці ўсёй семантычнай праблематыкі, гл. СРНГ, 6, 111–113. Ва ўсякім выпадку Слаўскі (1, 251–252) адносіць бел. лексемы да вялікай групы слоў, сярод якіх, напр., серб. дыял. gáliti сваёй семантыкай (’жадаць, прагнуць’) стаіць вельмі блізка да бел. фармацый. Фармальна карэктнай і семантычна абгрунтаванай была этымалогія Мейе (MSL, XIV, 373) аб сувязі з прасл. *želati, *želěti ’жадаць’. Агляд іншых, часам вельмі заблытаных этымалагічных канструкцый гл. у Слаўскага, 1, 251–252. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 387. Здаецца ўсё ж, што ў корані *gal‑ адбылося супадзенне розных па паходжанню лексем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)