Зуб1. Рус., укр. зуб, польск. ząb, луж., чэш., славац. zub, палаб. zǫb, славен. zȏb, серб.-харв. зу̑б, балг. зъб, макед. заб. Ст.-слав. зѫбъ, ст.-рус. зубъ (XI–XII стст.). Прасл. *zǫbъ ’зуб’ < і.-е. *gʼembh‑, gʼm̥bh‑, gʼombho‑s ’зуб’: ст.-інд. jámbhatē ’хапаць’, літ. žembiū ’разразаю’, ст.-інд. jámbha‑ḥ ’зуб’, грэч. γόμφος ’тс’, алб. dhëmb ’тс’, лат. zùobs ’тс’, літ. žam̃bas ’востры вугал’, ст.-в.-ням. kamb, суч. Kamm ’грэбень’, тах. A kam, B kerne ’зуб’. Роднаснае ст.-слав. зѧб‑сти ’прарастаць’, ’прадзіраць’, гл. зя́бліва. Трубачоў (ВЯ, 1957, 2, 90) узводзіць прасл. форму да і.-е. *gʼon‑bhos ’выступ, тое, што вырасла’ ад *gʼen‑ ’нарадзіцца’. Шанскі, 2, З, 111; Фасмер, 2, 106; БЕР, 1, 660–662; Скок, 3, 663; Траўтман, 369; Покарны, 369.

Зуб2 ’памылка пры тканні’ (чэрв., Нар. лекс.; Жд. 1). Рус. зуб смал. ’паласа каляровай тканіны’, краснаяр. ’прамежкі ў бёрдзе, скрозь якія працягваюць ніткі’, пск., цвяр. зубок ’тры ніткі ў ткацкай аснове’, польск. ząb ’нешта ў выглядзе кліна, зуба’. Такое ж значэнне, як у польск., вядома ў іншых слав. мовах. Бел. і рус. значэнні — фіксацыя аднаго з пераносных значэнняў зуб1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)