Зя́бліва ’асенняе ўзорванне поля, а таксама поле, узаранае з восені пад веснавую сяўбу’, зяб, зя́бла, дзя́бля (Выг., Лекс. Палесся), зя́блі, зя́бра, зя́бліна (Сл. паўн.-зах.), зя́бла, зя́бер (Нас.). Рус. зябь, дыял. зябль, зя́бель, укр. зяб ’тс’. Параўн. зя́бліць, дыял. зя́брыць, рус. зя́бить, зя́блить ’рыхтаваць (узорваць) пад зябліва’. Параўн. у рус. гаворках зя́бель расліны, збожжа, павітае марозам на полі’ (арханг., алан., пск., смал.) і наогул ’замарожаная рэч, дрэва’, ’сцюжа’, ’гніль (у дрэве)’, ’дрыгва’. Даль (1, 698–699) аднёс зябь, зябль, зя́блина да кораня зябнуть паводле семантычнага ходу: поле, пакінутае на зіму зябнуць. Таксама Міклашыч, 401. Але, калі ўлічыць, што гэта можа быць і ’азімы пасеў’ (пабіты марозам), ці не трэба звязваць са старажытным значэннем zęb‑ti > ст.-слав. зѧти ’рваць’, прозѧбати ’прарастаць’, як ’рунь’, ’усходы’. Няпэўна. Плевачава, Этимология, 1966, 94; Фасмер, 2, 110–111; Шанскі, 2, З, 116; Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 89. Параўн. зябнуць, зуб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)