Жа́бры, жабры ’жабры’ (Нас., Бяльк., Шат.), зя́бры (Касп., Яўс.), шчы́бры (Нас.). Рус. жа́бры, паўд. зя́бры ’жабры, сківіцы’, укр. зя́бра, жа́бри ’жабры; гакі на восцях’, балг. дыял., макед. жабри, славац. žiabre, чэш. (< рус. Махэк₂, 721), в.-луж. (запазычанае, паводле Пфуля, 1039) žabra. Шанскі (1, Ж, 272) лічыць верагодным суфіксальнае (з суф. ‑r‑) утварэнне ад той самай асновы, што жа́ба ’рот, горла > хвароба рота, горла’, роднаснае ням. Kiefer ’сківіца’ (Хірт, BB, 24, 258), авест. zafarə ’рот, зяпа’ (Махэк₂, 721). Паводле Фасмера (2, 31), апошнія параўнанні недастаткова абгрунтаваныя. Міклашыч (405) параўноўваў з літ. žióbris, žiobrỹs ’рыба Abramis vimba’, што няпэўна фанетычна і семантычна. Патабня (РФВ, 4, 210) выказваў думку пра сувязь з губа і ст.-інд. jámbhatē ’хапае’, што мала верагодна. Параўн. яшчэ літ. žeberúoti ’лавіць восцямі’, žebérklas ’восці, гарпун’ у сувязі з укр. значэннем. Ці не звязана з жаваць (гл.)? (І.‑е. *gi̯eu‑ магло атрымаць падаўжэнне ‑r‑, *u̯ > w > b). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)