Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Зер ’зрок’, ’лямпачка-капцілка’, зе́ра ’агонь, святло’ (Бяльк.). Рус. смал. зер ’агонь на наеў лодкі пры начной лоўлі рыбы’, зёр ’прасвет у лесе’. Адлюстроўвае корань *zьr‑ (гл. зрок, зрэнкі) са знач. ’тое, што відна’.

Зе́рбы ’вісячыя наросты пад шыяй у кабана’ (КСТ). Відаць, метатэза з зебры (гл. жабры, зебрыкі).

Зе́рка ’ядро арэха’, ’семя садавіны’. Ад асновы зерне: *зернко з выпадзеннем ‑н‑.

Зеркі ’вочы’, ’іскры’, ’зоркі’ (Нас.). Відаць, утворана ад *zьr‑ з суф. ‑ък‑; корань, прадстаўлены ў зрэнкі, зрок, мае значэнне ’глядзець’.

Зе́рне ’семя; крупінка’. Рус. зерно́, укр. зерно́, зе́рня́, польск. ziarno, н.-луж. zerno ’зерне’, ’збожжа’, в.-луж. zorno, палаб. źornü ’зерне’, чэш., славац. zrno ’зерне’, ’збожжа’, чэш. zrní, славац. zrnie зборн. ’зерне’, славен. zrnọ, zrne, zrnje зборн. ’зерне’, ’зерне (асобнае)’, серб.-харв. зр̏но, зборн. зрње, балг. зъ̀рно, макед. зрно ’зерне (асобнае)’. Ст.-слав. зръно ’зерне’. Ст.-рус. зерно (XI ст.). Форма зерне першапачаткова была зборнай на ‑ьje ад zьrn‑o: zьrn‑ьje ці памянш. формай на ‑ęt‑: zьrn‑ę (параўн. другасныя памянш. зе́рнетка і зярня́тка). Аснова zьrn‑ роднасная літ. žìrnis ’гарошына’, лат. zir̂ns, ст.-прус. syrne, ням. Korn, лац. grānum ’зерне’. Фасмер, 2, 95–96, Шанскі, 2, З, 90; Махэк₂, 719; Скок, 3, 662–663. Zьrn‑ ўтворана з суфіксам ‑n‑ ад і.-е. кораня *gʼṛ‑ (гл. Покарны, 1, 390–391, дзе, аднак, слав. форм з ‑n‑ няма), які прадстаўлены ў рус. зреть ’спець’ (гл. зары́ць). Траўтман, 372, Фартунатаў, AfslPh, 4, 587; Мейе, Études, 447.