Жгаць 1 ’паліць’ (Нас.). Рус. дыял. арханг., алан., наўг., смал., кастр., вяцк., перм., свярдл., с.-урал., кіраўск. жгать ’тс’, чэш., арх. žhati ’тс’, серб.-харв. жга̏ти ’пячы’, славен. žgáti ’паліць’. Параўн. рус. жечь, жгу. Ст.-слав. жещи, жьгѫ. Прасл. *žьg‑ (з тэмай ‑a‑, у той час як у жещи яна адсутнічае, а на месцы ‑ь‑ выступае ‑е‑). Лічаць, што з і.-е. *dhegu̯h‑ ’гарэць’: літ. degù, ст.-інд. dāha‑h ’пажар, спёка’, авест. daχša ’пажар’ і інш. Покарны, 1, 240–241; Фасмер, 2, 38; Траўтман, 49; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289; Махэк₂, 727; Брукнер, 663–664. Скок (3, 674–675) тлумачыць узнікненне слав. *geg‑ з *deg‑ асіміляцыяй. Корань *deg‑ адлюстраваны ў дзёгаць (магчыма, з балт.) гл. Фасмер (2, 38) лічыць менш верагодным зробленае Шэфтэловіцам (ZfIndIr, 2, 271) супастаўленне са ст.-інд. jañj ’асвятляць, гарэць’, ст.-ісл. kvekva ’запальваць’ і зробленае Зубатым (Studie, I, 1, 127) дапушчэнне, што *geg‑ звязана з лат. dzedzite ’поле пад папар’. Але Зубаты (Studie, 1, 2, 142) імкнуўся растлумачыць форму *žeg‑ паралеллю з *žegrati. Так ці іначай паходжанне кораня *žeg‑, *žьg‑ не можа лічыцца вырашаным канчаткова. Параўн. жага, жыгаць, жэгаць.
Жгаць 2 (Нас.). Гл. джгаць.