Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

За́ла, зал ’вялікі пакой’. Рус. зал, уст. зала, зало, укр. зал, зала, польск. sala, в.-луж. sal, sala, чэш. sál, славац. sála, серб.-харв. са́ла, балг. за̀ла < рус., макед. сала. У Бярынды (1627 г.) і ў ст.-бел. (1582 г.) саля. Зала, зал < рус. < ням. Saal. Саля < польск. < франц. ці іт. < герм. (франк., лангб.) sala ’дом, будова’. Шанскі, 2, З, 42; Фасмер, 2, 76; Біржакава, 362; Булыка, Запазыч., 293; Брукнер, 479.

Зала́1 ’попел’, ’луг’, ’брудная вада, што застаецца пасля мыцця бялізны’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зола́ ’попел’, укр. зола́ ’попел’, ’луг’, польск. zoła ’луг з попелу’, чэш. zola ’тс’, славац. zola ’попел з вапнай (у гарбарскай справе)’, с.-луж. zoła ’луг’, балг. уст. зола̀ ’вада з попелам’. Параўн. літ. žilas ’шэры’, лат. zils ’блакітны’ і іншыя і.-е. словы; гл. зялёны. Зубаты, Studie, 1, I, 124; Траўтман, 365. Прасл. zola < і.-е. *gʼhel‑ і інш. ’светлы, святлець, блішчаць’. Покарны, 1, 430; Фасмер, 2, 103; Брукнер, 656; Шанскі, 2, З, 104. Думка Махэка₂ (718) пра запазыч. з ням. Sole ’салёная вада’ не абгрунтаваная, паколькі слова мае агульнаслав. пашырэнне. Параўнанні са ст.-в.-ням. kolo ’вуглішча’, ст.-інд. jválati ’гарыць’, прапанавання Младэнавым (194), БЕР (1, 652), фанетычна недастаткова абгрунтаваныя, ням. Kohle хутчэй з і.-е. *g(e)u‑l‑o, Покарны, 1, 399; гл. жураць, жуляць. Гл. заліць2.

Зала́2 ’кепскае надвор’е з дажджом і снегам’ (Касп.). Гл. золь1.

За́лаб ’узяўшыся за чубы’ (Шат., Сцяшк., Сцяц.). За + лъбъ (прыназ. + він. скл. наз.). Параўн. ст.-польск. załeb ’бойка’.

За́леж ’цалінная або ворная зямля, якая даўно не апрацоўвалася’, за́лях (дакладней, відаць, за́ляг) ’аблога’ (гродз., З нар. сл.). Рус. за́лежь ’тс’. Назоўнік ад дзеяслова залегчы/залягаць, у форме залеж з пераходам г > ж перад ‑ь па 1‑й палаталізацыі. Іншае значэнне залеж (’месца залягання выкапняў’, ’заляжалы тавар’), магчыма, пад рус. уплывам.

Зале́ць ’мерзнуць’ (ТСБМ). Дзеяслоў з суфіксам ‑ець ад наз. золь1 (гл.).

Залёты ’імкненне выклікаць прыхільнасць з боку асобы іншага полу’. Укр. зальо́ти ’тс’. З польск. zaloty ’тс’. Паводле Брукнера (644), o незаканамерна з ě: lětь ’воля, магчымасць’. Гл. адлёт, лець. На запазычаны характар указвае ўкр. форма, а таксама фармальная і семантычная агульнасць польск., бел., укр. слоў. Параўн. з адрозненнямі чэш., славац. zálety ’залёты’, рус. залет ’зух, удалец’, залётка ’каханая’, славен. zalèt ’забег, спроба’, серб.-харв. за́лет ’разбег, размах’. Гл. заляцацца. Пра рус. залётка Адзінцоў, Этимология, 1974, 120–124.

Заліва́цца ’тлусцець’ (Мат. Гом.), ’спяваць з пералівамі’ (ТСБМ). Рус. залива́ться ў розных знач., у тым ліку ’спяваць пералівіста’, укр. залива́тися ’пакрывацца вадкасцю’, ’смяяцца’, ’захлынацца’. Перан. ад залівацца ’пакрывацца вадкасцю’, ’напаўняцца вадкасцю’ (гл. заліць3, ліць), для спеваў ’выдаваць гукі быццам бы такія, што пераліваюцца, як вадкасць’, для ’тлусцець’, ’набірацца тлушчу’.

*Залі́ць1, золи́ць ’дапякаць’ (Нас.). Рус. наўг., валаг., ярасл., кастр., арханг., маск., сімб. золи́ть ’дапякаць’, укр. золи́ти ’лаяць’, славен. zoliti ’крычаць, бурчаць’, балг. золя́ ’пасыпаць (соллю, перцам)’ (Гераў); параўн. серб.-харв. зо̑љ, зо́ља ’аса’ (якое, аднак, Скок, 3, 664, звязвае з гукапераймальным дзеясловам zújati). Вытворнае назаля́ць (ТСБМ). Даль (1, 691) лічыў золить ’заліць1’, і ’заліць2’ значэннямі аднаго і таго ж слова. Тады заліць1 — перанос ад заліць2 ’апрацоўваць лугам’. Ці суадносіцца славен. слова з бел., — няпэўна. Гл. яшчэ зло.

Залі́ць2 ’апрацоўваць шкуры растворам вапны’ (ТСБМ). Рус. золи́ть, укр. золити ’тс’ і ’парыць бялізну ў растворы попелу’, польск. zolić ’мачыць, парыць у попеле’, ’пэцкаць’, чэш. дыял. zoliť ’пэцкаць’, н.-луж. zoliś ’мачыць, парыць у лузе’. Ст.-рус. золити ’тс’ (XVII ст.). Дзеяслоў з суф. ‑і‑ць ад наз. зала1 (гл.).

Заліць3 ’пакрыць вадкасцю’. Рус. зали́ть ’тс’, укр. залити, польск. zalać і г. д. Прэфіксальны вытворны: за + ліць (гл. ліць).

Зало́жнік1 ’асоба, затрыманая ў якасці гарантыі (залогу)’. Рус., укр. зало́жник, балг. зало̀жник, макед. заложник ’тс’. Утворана ад прым. заложны (які ад залогъ — слова, вядомага яшчэ ў ст.-слав.) са знач. ’такі, што пакінуты ў залог’ з дапамогай суфікса ‑ік (гл. пра словаўтваральную мадэль Сцяцко, Афікс. наз., 104–105). Час утварэння — ст.-рус. ці нават познепрасл., паколькі адпаведныя словы вядомы паўд.-слав. мовам. БЕР, 1, 595. Паводле Шанскага (2, З, 44), рус. слова ўтворана ад дзеяслова заложить ’аддаць у залог’ з дапамогай суфікса ‑ник, аднак гэта азначала б позняе ўтварэнне слова.

Зало́жнік2 ’паліца для пасуды’ (Жд. 1; круп., Нар. сл.), ’паліца з дзіркамі для лыжак’ (пін., Нар. лекс., 108), залэжнік, залажэ́тнік ’паліца для посуду’ (Сцяшк.). Рус. смал. заложник ’тс’. Назоўнікі з конфіксам за‑ + ‑нік абазначаюць прадметы, размешчаныя за тым, што названа ў аснове (Сцяц., Афікс. наз., 238). Таму, магчыма, слова ўтворана ад ло́жак, а паліца змяшчалася за ложкам (?). Трэба адзначыць, што слова распаўсюджана шырэй, чым словатворчая мадэль, паводле Сцяцко (гом., маг.). Гл. жаложнік.

Зало́за ’орган у арганізме, што выпрацоўвае ці выдаляе пэўныя рэчывы’, за́лзы, зэлзы ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), зо́лзачка (Жд. 2). Рус. железа́, дыял. перм., паўн.-дзвін. за́леза́, укр. за́лоза, польск. zołza ’хвароба залоз’, серб.-луж. žałza, чэш. žláza, славен. zléza, серб.-харв. жле́зда, жлијѐзда, балг. жлеза́, макед. жлезда. Ц.-слав. жлѣза ’залоза’. Ст.-рус. железа ’тс’ (XII ст.), ’чумны бубон, чума’ (XIV ст.). Прасл. želza. Літ. gẽležuonys і інш. ’залозы’, арм. gełj‑kʼ ’тс’, грэч. γογγρώνη ’апухлая залоза’. І.‑е. *ghelgʼh‑ ’залоза’. Покарны, 1, 435; Фасмер, 2, 42; Скок, 3, 683–684; Брукнер, 656; Махэк₂, 729; Копечны, Zákl. zásoba, 435; Траўтман, 84; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 261. Трубачоў (ВСЯ, II, 34) указвае на агульнасць паходжання слоў залоза і жалеза. Няясным застаецца: з‑ у бел., укр., польск.; бел. націск (архаічны?), які не супадае з укр. і рус.; польск. ‑ol‑. Ці сюды чэш. дыял. hlíza ’апухласць’?

Зало́м ’паварот’, ’выступ’, ’заламаныя і звязаныя ў пук сцяблы жыта, ільну з мэтай наклікаць бяду на гаспадара поля’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. залі́м, зало́м ’тс’, рус. кур., тамб., арл., зах., бранск., калуж., смал., цвяр., пск., пецярб., забайк. зало́м ’некалькі скручаных сцяблоў жыта з мэтай злога чараўніцтва’, польск. załom ’паварот’. Бязафіксны наз. ад заламаць (< ламаць).