Заняпа́д ’упадак’. Укр. занепа́д ’тс’. Параўн. рус. бранск., смал., кур., арл. занепасть ’зрабіцца слабым, хваравітым’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *занепадати, *занепад + ти > *занепасти. Складанасць у сумяшчэнні значэння кораня (пад‑) і кампанента не-, якое дае ’не падаць’, што не адказвае сапраўднаму значэнню слова (прэфікс за‑ азначае пачатковы этап ці завяршэнне дзеяння, а таму ў гэтых разважаннях неістотны); параўн. рус. за‑не‑мочь. Калі ўлічыць наяўнасць рус. варонеж., бранск., кур., уладз., ярасл., кубан. занапастить(ся) ’мець напасці, г. зн. непрыемнасці; знікнуць, замучыць, страціць’, відаць, трэба ўводзіць слова да *занапасти, у якім потым адбылася ўзмацняючая народна-этымалагічная замена на > не: *занепасти.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)