Мачоўнік ’касач жоўты, Iris pseudacorus L.’ (стол., Бейл.; ТС). З мячэ́ўнік (гл.) пад уплывам вядомага на Палессі мач ’драўляныя вілы’. Такое найменне касача перайшло з роду гладыёлусаў (Gladiolus) у выніку блытаніны (з-за падабенства).
Ма́чта, машта ’слуп ці збудаванне на суднах для мацавання ветразей, назірання, сігналізацыі; вежа для мацавання правадоў, антэн’ (ТСБМ; Бяльк.). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), запазычана з рус. мовы, у якой праз польск. мову прыйшло з гал. або н.-ням. mast ’тс’ < лац. mālus < *mazdos ’мачтавае дрэва’ (Фасмер, 2, 586; Васэрцыер, 148; Вальдэ, 363). Аднак яшчэ ст.-бел. маштъ (1500 г.), якое са ст.-польск. maszt < с.-в.-ням. mast (Машынскі, Geogr., 65; Булыка, Лекс. запазыч., 120).
Мачуга ’дубінка’, ст.-бел. мочукга (XVI ст.) — са ст.-польск. maczuga ’тс’, якое з рум. măciucă ’кій з тоўстым канцом’ (Булыка, Лекс. запазыч., 104) < лац. mattea ’палка’ (Брукнер, 317).
Мачу́ла 1, мачу́ло, мачу́лішча, мачу́ліска ’мачыльня, сажалка, лужа, яма на балоце, акно сярод плаву, агароджанае калкамі месца ў возеры, дзе мочаць лён’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; полац., ушац., Нар. лекс.). Беларускае. Да мачы́ць (гл. мача́ць). Сюды ж мачу́льнік ’сноп канапель, прыгатаваны для мачэння’ (паст., Сл. ПЗБ).
Мачула 2 ’рагоз, Typha latifolia L.’ (маг., Кіс.). У выніку пераносу значэння ’яма, сажалка’ на назву расліны, якая расце там. Да мачу́ла 1.
Мачула 3 ’перакладзіна на рыштаваннях’ (ст.-бел., XVII ст.) запазычана са ст.-польск. maczulec, якое з ням. Netzholz (Булыка, Лекс. запазыч., 97; Варш. сл., 2, 841).
*Мачу́начкі, мочу́ночкі ’ежа з сухога хлеба, солі і цыбулі, залітых варам’ (нараўл., Вешт.). Да мачонік (гл.). Аб пераходзе о > у гл. Карскі (1, 117–123). Вештарт (Бел.-рус. ізал., 18) гаворыць аб лексеме гом. мачу́нкі ’рулі’ як аб запазычанні з рус. мовы. Відавочна, калька з балт. крыніцы накшталт мурцоўка ’тс’, якая з’яўляецца роднаснай з літ. mùrti ’мокнуць, рабіцца вязкім’ (там жа).
Мачы́жына ’нізкае (часам багністае) вільготнае месца’ (паўн.-усх., КЭС). Да мача́жына (гл.). Гук ‑ы‑ пад уплывам дзеяслова мачы́ць.
Мачы́ла ’шырокая яма ў нізкім месцы, дзе мочаць лён’ (докш., Янк. Мат.), рэч. мачылішча, мін. мачышча; арш., лёзн. мачылка ’зыбкае, махавое балота’ (Яшк.). Укр. мочи́ло, рус. мочи́ло, мочи́лище, мочилка, мочище, польск. moczydło, чэш., славац. močidlo славен. močílo, серб.-харв. мо̀чило. Прасл. močidlo, у якім у суфіксе ‑dlo мае другаснае значэнне месца дзеяння.
Мачы́лка ’назва плоскуняў’ (брасл., ДАБМ, к. 283). Фармальна да мачы́ць (гл. мача́ць), аднак матывацыя наймення няясная. Адсутнасць дадатковай інфармацыі (лексема запісана толькі ў адным населеным пункце) не дае магчымасці супаставіць бел. лексему з рус. мо́ченец, моче́нец ’лён ці каноплі, якія вымочваюцца перад апрацоўкай’, ’валакно з іх’, ’лён’, ’каноплі’, ’жаночыя каноплі’, мочёник, моченика ’тс’ (СРНГ, 18). Запазычанне з рус. мовы (?).
Мачыморда ’горкі п’яніца’ (Бес.). З польск. moczymorda, семантычна тоеснага з іншымі: moczygęba, moczypysk, moczywąs, першая частка якіх з moczyć ’мачыць’.
Мачы́на ’зерне маку’, ’каліва, маласць’ (івац., Жыв. сл.; ТС, Ян.), укр. мачи́на ’тс’. Паўд.-бел.-укр. ізалекса, утвораная пры дапамозе суфікса ‑ін‑а ад мак (гл.). Чэш. mačinka ’галінка з пладамі садавіны’, ’«сэрца» галоўкі салаты’ з matć‑ < matka (Махэк₂, 347).