Ма́са ’колькасць матэрыі, якая складае цела’, ’вялікая колькасць, мноства, шмат чаго-небудзь’, ’мноства рэчыва без пэўнай формы’, ’народ, шырокія колы насельніцтва’ (ТСБМ, Яруш., ТС). Еўрапейскае слова. У бел. мову запазычана з польск. і, магчыма, паўторна з рус. мовы, у якіх з новав.-ням. Masse (XVI ст.) або з франц. masse > лац. massa ’злітак’, ’ком, глыба, кавалак’, ’хаос’ < ст.-грэч. μᾶζα ’цеста’, ’ячменны хлеб’ < μάσσω ’мяшаю, размешваю’. Сюды ж масаві́к ’той, хто вядзе работу ў масах’, ’арганізатар масавых гульняў’ (ТСБМ), ма́савыя ’летняе свята саўгаснікаў’ (віл., Нар. сл.), масо́ўка ’масавая сцэна ў спектаклі, фільме’, ’масавая прагулка’, ’тайны рэвалюцыйны сход’ (ТСБМ) — усе з рус. мовы.
Маса́ж ’расціранне цела з мэтай паляпшэння кровазвароту, абмену рэчываў у тканках’ (ТСБМ). З рус. масса́ж ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 88), якое з франц. massage < masser < ст.-грэч. μάσσω ’мяшу, расціраю’. Масіраваць ’праводзіць масаж’ (ТСБМ) — з рус. массировать (Крукоўскі, Уплыў, 82), якое з ням. massieren.
Масалба́с ’аболтус’ (Бяльк.). Відавочна, з ідыш. Параўн. ням. Massel ’балванка (чыгуна)’.
Масалі́ць, му́сліць ’слініць, жаваць’ (Сцяшк., Растарг.), масоліць ’забруджваць’, ’жаваць, грызці’ (Нас., Юрч.), масоліцца, ’брудзіцца чым-н. слізкім’, ’поркацца з чым-н.’, ’падсядаць да каго-н., шукаючы прыхільнасці’ (Нас.). Рус. мусо́лить ’смактаць (косці)’, ’весці або абгрызаць што-небудзь вельмі павольна’, ’доўга жаваць бяззубым ротам’, пск., смал. мосо́лить ’пэцкаць, абгрызаць косць’; валаг. моска́лить ’мазаць галаву тлушчам’ (пры москалыга = мосолыга), перм. му́слить, пск., цвяр. мусо́литься ’доўга поркацца з чым-небудзь’, мусля́к ’неахайны, слімак’. Славен. músa, masára ’брудная жанчына’, ’брудная карова’, zamúsati ’пакрыць брудам’, серб.-харв. кайк. musa, musača, zamúsan, mȕsav. Роднаснымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца новав.-ням. Schmutz ’бруд’, ст.-в.-ням. muzzan ’чысціць’, ст.-грэч. μύδος ’сырасць, гніль’, ст.-інд. mū́ra ’мача’, авест. mūϑtra‑ ’бруд’, і.-е. *meu‑ ’вільготны, рыхлы, брудны’. Аднак ні словаўтварэнне, ні першасная фанетычная форма застаюцца невядомымі (Праабражэнскі, 1, 571; Фасмер, 3, 16–17; Бязлай, 2, 207).
Маса́т ’кавалак сталі для выкрэшвання іскры’ (паўн.-усх., КЭС). Укр. гуц. муса́к ’кавалак наточанай сталі, якім касец выраўнівае лязо касы’. Праз тур. masat ’тачыла для вастрэння нажоў’ з араб. mishad ’тс’ (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 81; БЕР, 3, 677; Брукнер, 349).
Масенж ’медзь’ (Грыг.), масе́нджны ’медны’ (Мал.), масе́нзавы ’тс’ (Нас.), масёнжнік ’меднік’, масянжовы дроблены з бронзы і мае колер яе’ (Некр.), масяндзовы ’бронзавы’ (Шат., Касп.), ст.-бел. мосязъ, мосендзъ, мосюндзъ, мосяжъ ’латунь’ запазычаны са ст.-польск. ⁺mosiądz, mosiądzowy, якія з с.-в.-ням. messinc, (суч. Messing) < ст.-грэч. μοσσύνοικος (χαλκός) ’народ, які жыў на Чорным моры’ (Васэрцыер, 151). Гл. таксама мосенж.
*Масіню́рына, полац. мъстю́рына мая! — лашчыць кошку, кацянё (Нар. лекс.). Да ⁺масенькі. Параўн. рус. пск., цвяр., смал., валаг., каст., вяц. ма́сенький ’вельмі маленькі’, перм. ма́си‑ма́си‑ма́сенькі — падзыўное для авечак.
Масі́ў ’горнае ўзвышша аднароднай геалагічнай будовы’, ’вялікая прастора, аднародная паводле якіх-небудзь прыкмет’ (ТСБМ). З польск. або з рус., у якія з франц. massif ’цяжкавагавы’ (SWO, 458; Лёхін, 428).
Масія́ш, мъсья́ш ’антыхрыст, які з’явіцца перад страшным судом, ілжэзбавіцель’ (Мядзв.; полац., Нар. лекс.), ’звадыяш’ (в.-дзв., Шатал.), ’вялікі хлус, прайдзісвет’, ’гарэза’ (міёр., З нар. сл.). Праз польск. Mesjasz з с.-лац. Messias ’месія, збавіцель’.
Ма́ска ’накладка на твар, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным’, ’маскарадны касцюм’, ’прытворства’, ’скульптура твару чалавека або галавы жывёлы’, ’засцерагальнае прыстасаванне’, ’накладка з лекавага саставу’. З рус. ма́ска, а, магчыма, таксама і з польск. maska, у якіх праз франц. ці ням. мову з італ. maschera < ст.-італ. mascara, — апошняе з араб. maschara ’насмешка, кпіны’. Сюды ж маскава́ць ’маскіраваць’ (Др.-Падб.), якое з польск. maskować ’тс’, маскірава́ць ’надзяваць маску’, ’скрываць, прыкрываць што-небудзь, робячы яго непрыкметным’ (ТСБМ), успрынятае з рус. мовы; маскіра́нт ’той, хто ўмее замятаць сляды’ (віл., Нар. сл.).