Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ма́ма, ма ’маці’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’дарослая дзеўка’ (Нас.), ма́мка ’мама’, ’жанчына, якая корміць чужое дзіця, нянька’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Шат., ТС, Бяльк., Сл. ПЗБ), ’гумавая соска’ (трак., беласт., Сл. ПЗБ), ’пчала-карміцелька’ (Анох.); смарг. маманя ’матуля’ (Сл. ПЗБ), мамуля (Грыг., ТСБМ), мамулька (Бяльк.), матуля ’тс’ (ТСБМ); ма́мачка, ма́міначка, ма́монька, маму́ленька ’ласкавы зварот да любой жанчыны, да дзяўчынкі, дзіцяці’, ’выказванне бясконцага захаплення, здзіўлення, спалоху, жалю’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС, Ян.). Укр., рус. ма́ма, польск. mama (mameczka, [mamula], mamulińka, [mamka]), каш. mama < mëma, mëmka, н.- і в.-луж. mama, чэш. máma, славац. mama, славен. máma, серб.-харв. ма̏ма, макед., балг. мама. Слова з мовы дзіцяці. Аналагічна літ. mamà, усх.-літ. momà, лат. mama, ст.-в.-ням. muoma ’цётка’, новав.-ням. Mamme ’тс’, лац. mama ’тс’, ’грудзі’, ’мамка’, ірл. mam, н.-перс. mām, māmā, māmi ’маці’, ст.-грэч. μάμμα, μάμμη ’маці, матухна, бабуля’, алб. mëmë ’маці’, ст.-інд. māma ’дзядзька’ (Бернекер, 2, 14; Траўтман, 168; Фасмер, 2, 565; Голуб-Копечны, 215; Скок, 2, 365; Бязлай, 2, 164).

Мама́й ’дужы, здаровы, але неразумны’ (Янк. 3.). Укр., рус. дан. мама́й ’каменная баба ў стэпе’, славац. mamaj ’дурны, боўдзіла’. З тат. Mamai ’страшыдла, якім палохаюць дзяцей’ (Фасмер, 2, 565). Параўн. таксама ст.-цюрк. mama ’бык, які знаходзіцца ў цэнтры тока ў час малацьбы’.

Ма́мант ’жывёліна ледавіковага перыяду’ (ТСБМ). З рус. мамонт ’тс’, якое з зах.-тунгуск. ηamendi ’мядзведзь’ (Расянен ZfSlPh, 21, 293). На фанетыку лексемы ўплывалі і імя Мамонт, ст.-рус. Мамонтъ (са ст.-грэч. Μάμας, ‑αντος — гл. Сабалеўскі, РФВ, 65, 415; Фасмер, ZfSlPh, 21, 295). Кіпарскі (там жа, 26, 296–300) крыніцу гэтага слова бачыць у нянецк. (jĕåη) ηammuroťeə ’пажыральнік (зямлі)’ (Фасмер, 2, 566). Параўн. якуцк. mamut ’мамант’.

Мамаранкі ’неўрадлівыя ягады’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Параўн. рус. паўн., наўг. маму́ра ’ягады касцяніцы, марошкі, абляпіхі’. Уграфінізм. Параўн. фін. maamuurain ’касцяніца’; ‑к‑, магчыма, з памяншальнага суфікса (параўн. эст. mari ’ягады’ — marjake ’ягадка’). Гл. Каліма, 162; Фасмер, 2, 566.

Маме́й ’нямы’ (чачэр., Жыв. сл.). Гукапераймальнае, як і рус. арл. мамы́ка ’коснаязыкі’, польск. mamot, momot ’заіка’. Не выключана, аднак, паходжанне ад прыметніка нямы́ (пры дапамозе суфікса ‑ей — гл. Сцяцко, Афікс. наз., 98) з пазнейшай асіміляцыяй нм > мм.

Мамента́льны ’вельмі хуткі, імгненны’ (ТСБМ). З рус. моментальный ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 77). З рус. мовы пранікла і маме́нтам ’тс, мігам, умомант’ (докш., Янк. Мат.; калінк., З нар. сл.). Да момант (гл.).

Мамзэль ’маленькі гаршчок ёмістасцю ў 1 кг’, мамзэлік ’гаршчочак на 2 фунта жыта і меншы’ (Вяр.Крыв., Сл. Брэс.). Няясна. Можна, аднак, дапусціць семантычны перанос паводле падабенства (знешні выгляд, фігура) з рус. мамзель ’гувернантка’, якое з ням. Mamséll ’гувернантка-францужанка’ < франц. mademoiselle ’паненка’ (складаецца з ma ’мая’ і demoiselle < лац. domonicella — памяншальнае да domina ’пані дому’).

Ма́міс ’падкладачная тканіна’ (іўеў., Сл. ПЗБ; бабр., Запіскі). Няясна. Магчыма, з польск. mamis ’рэдкая, недарагая баваўняная тканіна’, якое таксама этымалагічна цёмнае слова.

Мамі́ца (груб.) ’маці’ (ушац., Жыв. сл.), рус. смал. мами́ца ’дарослая дзяўчына, жанчына’, ’бесталковая жанчына, дзяўчына’, серб.-харв. mȁmica, ма̏мица ’тс’. Да ма́ма (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 157.

Ма́мкаць ’клікаць маму’ (ТС), укр. ма́мкати, рус. ма́мкать ’тс’. Гукапераймальнае з суфіксам ‑ка‑ (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 69 і наст.).