Маґер у выразе на маґер ’на бакір’ (ТС). У выніку кантамінацыі лексем бакір (гл.) і магерка ’венгерская шапка’, якое са ст.-польск. magierka < ст.-венг. magyar, а дакладней ад імя правадыра племені Mogerʼa (Брукнер, 317).
Ма́ґла ’моцна, рэзка’ (шальч., Сл. ПЗБ). Паходзіць з літ. miklùs ’спрытны’. Ма‑, як і ў наступным слове з мі‑.
Магла́ ’імгла’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Відазмененае літ. miglà ’тс’. Да імгла́ (гл.).
Маґлі ’качалка для бялізны’ (гродз., Сл. ПЗБ), маґляваць ’качаць бялізну’ (там жа), ’упрыгожваць’ (Сцяшк. Сл.) — з польск. magle, magiel, maglować, у гаворках mangiel, męgiel, якія з с.-в.-ням. mange, ням. Mange(l), mangeln, с.-лац. mango < лац. manganum < ст.-грэч. μάνγανον ’ваенная машына, якая шпурляе камяні’ (Брукнер, 317). Сюды ж магляўні́цы ’прыстасаванне ў кроснах, па якім ідзе палатно’ (дзятл., Сл. ПЗБ), якое з польск. magielnica.
Маґрэта (іран.) ’праставатая кабета’ (ушац., Нар. сл.). Відавочна, з уласнага імені Маґрэта < Маргары́та.