Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мак ’мак, Papaver L.’ (ТСБМ, Кіс., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), мін., брэсц., маг. мак‑цякун ’мак-самасей’, ’снатворны мак’ (Кіс.), тураў. глухі мак ’тс’ (ТС), макава расінка ’зусім мала’ (Шат.), макам ’рассыпаючыся дагаджаць’, ’беззваротна знікаць’ (Нас.), макам сядзець ’павольна расці’ (калінк., З нар. сл.). Укр., рус. мак; польск., н.- і в.-луж. mak; чэш., славац. mak, славен. màky серб.-харв. ма̏к, макед., балг. мак ’тс’. Прасл. makъ звязана з грэч. μὴκων, дарыйск. μᾱ́κων ’мак’, ст.-в.-ням. maho > новав.-ням. Mohn, с.-в.-ням. mān, ст.-сакс. mâgo, ст.-швед. val‑moghi, швед. vallmo (у якіх герм. *walha‑ ’аглушэнне, непрытомнасць’), ірл. meacon ’мак’ (Бернекер, 2, 9; Цупіца, Gutturale, 135; Траўтман, 166). Слова праеўрапейскае (або старажытнае азіяцка-міжземнаморскае) — гл. Махэк₂, 349; Эльквіст, 1305; Фасмер, 2, 560; Сабаляўскас, КСИС, 28, 1960, 70; Скок, 2, 359; БЕР, 3, 618–619). Покарны (698) выводзіць гэту лексему з і.-е *mak(en) ’мак’. Сюды ж ма́кавы, ма́кавый (ТСБМ, Бяльк.), макаві́нне, макавіннік, макавінё, макавеня, макавіеня ’сцябло з лісцем маку’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ; навагр., З нар. сл.; Федар. 6, Мат. Гом., Ян.), ’адрэзаныя вяршкі сцёблаў канапель з насеннем’ (Нас.), ма́кавішча, макаві́шча, ма́ковышчэ ’града, дзе рос мак’ (ТСБМ, слаўг., Яшк.; пін., Нар. лекс.), даць макаўца́ ’пстрыкнуць’ (Ян.).

Макаве́нь ’вялікая міска з гліны’ (дзятл., З нар. сл.). Да мак (гл.). Утворана ад прыметніка макавы і суф. ‑ень (Сцяцко, Афікс. наз., 152). Першапачаткова лексема азначала ’вялікая міска, у якой церлі мак’.

*Макаве́рт, маковэ́рт ’мяла для расцірання маку, бульбы ці крухмалу’ (Бес., палес., З нар. сл.). Палескае. Складанае слова, утворанае ад мак і верт < прасл. vьrt > вярцець (гл.).

Ма́кавік ’пірог з макам’, нараўл. мако́вік (Мат. Гом.; мазыр., Вешт.). Укр. маківни́к ’ляпёшка з мёду і маку’, польск. makownik, рус. маковник ’пірог з макам’, чэш. makovník ’тс’. Да ма́кавы < мак (гл.). Для бел. гаворак характэрна вельмі прадуктыўнае ўтварэнне назваў яды і пітва (ад прыметніка) з суф. ‑ік (Сцяцко, Афікс. наз., 105).

Ма́кавіна, макаві́на ’галоўка маку’, ’адно зярнятка маку’, ’верхавіна, вершаліна дрэва’, ’верхняя частка снапа’ (ТСБМ, Др.-Падб., Касп., Мат. Гом., Юрч., Нас.; талач., Шатал.). З суфіксам ‑іна ўсх.-бел. і серб. ма̏ковина (у Вука). На астатняй слав. тэрыторыі — з іншымі суфіксамі. Да мак (гл.).

*Ма́кавіца, пін. ма́ковыца, тураў. макові́ца ’макаўка’ (Нар. лекс., ТС), укр. мако́виця, паводле Брукнера (318), запазычана з польск. makowica. Няма падстаў. Параўн. і шырока прадстаўленае ў гаворках рус. маковица.

*Маказоб, моказо́б ’вельмі дробныя мошкі’ (ТС). Відаць, балтызм. Параўн. літ. makataĩ ’машкара’, žė́béti ’прагна есці губамі’. Утварэнне накшталт ⁺мошкаедзь.

Мака́ла ’прыправа (звыч. смятана з адтопленым малаком), у якую мэкаюць бліны, пірагі’ (полац., Нар. сл., паўн.-усх. КЭС), ’верашчака’ (полац., Янк. 2) — рэгулярнае аддзеяслоўнае ўтварэнне пры дапамозе суф. ‑а‑л‑а (< a‑dlo). Да мака́ць (гл.).

Макані́на ’вадкая (скаромная або нішчымная страва’ (віц., Шн. 3), ’страва, якую мэкаюць блінамі’ (Касп.) — рэгіянальнае аддзеепрыметнікавае ўтварэнне з суф. ‑ін‑а (Сцяцко, Афікс. наз., 108). Да мака́ць (гл.).

Мака́нне ’гарачыя жытнія пампушкі, аблітыя тварагом са смятанай, ці малаком’ (Растарг.). Да макаць (гл.). Словапрымыкае да ўсх.-бел. арэалу. Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 55–56).