Нямы́ і не́мы ’пазбаўлены здольнасці гаварыць’ (Нас., Яруш., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), часам нямы́ ’тс’, але не́мы ’страшны, замагільны’ (Некр.), параўн., аднак, раве́ нямы́м голасам (Багд. 63), не́мы, нему́ ’няздольны гаварыць; знямелы, нерухомы’, немы́м го́ласам (духом) ’страшна, дзіка’ (ТС), укр. німи́й ’нямы, безгалосы’, рус. немо́й, польск. niemy, чэш. němý, славац. nemý, в.- і н.-луж. němy, славен. nȇm, серб.-харв. не̑м, макед. нем, балг. ням. Выводзяць на аснове дысіміляцыі з першапачатковага *měmъ ’які заікаецца, невыразна гаворыць’, што суадносіцца з лат. mēms ’нямы’, męmulis ’заіка’, хец. memaƕƕi ’гавару’, параўн. таксама ням. mummeln ’заікацца’, швед. mimra ’варухаць губамі’ і пад. (Фасмер, 3, 63; Бязлай, 2, 219); у аснове — гукаперайманне, як і ў славац. nemtať, чэш. mumlali, польск. momotać ’невыразна гаварыць, бурчаць і пад.’ (Махэк₂, 395). Значэнне ’дзікі, замагільны (голас)’ выводзіцца з ’незразумелы, неартыкуляваны’. Малаверагодна вывядзенне рус. немой ад кораня *nem‑ ’гнуць’, што звязваецца з рэлігійнымі дзеяннямі, адкуль лац. nemuš ’святы гай’, грэч. νεμος ’гай, лес’ і пад. (Макоўскі, Мир сл. и знач., 134). Гл. таксама Улашын, ZfSlPh, 6, 368–372.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)