Мачу́ла 1, мачу́ло, мачу́лішча, мачу́ліска ’мачыльня, сажалка, лужа, яма на балоце, акно сярод плаву, агароджанае калкамі месца ў возеры, дзе мочаць лён’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; полац., ушац., Нар. лекс.). Беларускае. Да мачы́ць (гл. мача́ць). Сюды ж мачу́льнік ’сноп канапель, прыгатаваны для мачэння’ (паст., Сл. ПЗБ).
Мачула 2 ’рагоз, Typha latifolia L.’ (маг., Кіс.). У выніку пераносу значэння ’яма, сажалка’ на назву расліны, якая расце там. Да мачу́ла 1.
Мачула 3 ’перакладзіна на рыштаваннях’ (ст.-бел., XVII ст.) запазычана са ст.-польск. maczulec, якое з ням. Netzholz (Булыка, Лекс. запазыч., 97; Варш. сл., 2, 841).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)