Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Раску́лтацца ’раскалмаціцца’ (ашм., Стан.). Паводле аўтара слоўніка, да гу́лта ’логава свінні ва ўскалмачанай саломе’ (там жа), няяснага паходжання.

Раскура́т (рыскура́т) ’распуста’ (слаўг., Нар. словатв.). Няясна. Магчыма, з пракура́т ’прайдзісвет’ (гл.), з заменай атаясамленага з прыстаўкай пачатковага пра- прыстаўкай рас-.

Раску́рстаць (раску́рштаць, раску́страць) ’разбудзіць, раскатурхаць’ (Сл. ПЗБ), раску́рстацца ’прыйсці да памяці’ (Варл., Сл. ПЗБ). Да ку́рстацца2 ’корпацца, церабіцца’ (гл.), для якога прапануецца крыніца ў літ. kùrstytis ’спяшацца’, што цяжка вытлумачыць у семантычным плане. Магчыма ўзыходзіць да прасл. *kustrati, параўн. славен. razkuštrati ’узбіць, разлахмаціць валасы’, славац. kustriť, kuštriť ’трапаць, растрапаць’ і інш. (гл. ЭССЯ, 13, 136).

Раскярэ́тацца ’шырока расставіць ногі’ (швянч., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка, фармальна звязана з літ. išsi‑kerė́ti ’тс’. Параўн. раскірэ́ка, гл.

*Раскярэ́ша, розкере́ша ’няхлюя, мурза’ (пруж., Непакупны, Связи, 194–195), ’маруда’ (іван., там жа), укр. дыял. ’крываногі’, ’развілка на сасне’. Параўноўваецца (там жа) з літ. kerė́ža ’разгалістае дрэва, куст’, прэфіксальная форма ў выніку кантамінацыі названай формы з славянскай лексемай тыпу укр. розкоря́ка, гл. раскарака. У якасці зыходнай формы фанетычна бліжэй літ. kereišà ’няўклюда, нязграбны чалавек’, гл. керайша. Параўн. Лаўчутэ, Балтизмы, 67.

Раслі́на ’прадстаўнік расліннага свету’ (Нас., Касп., ТСБМ), раслі́на ’культурная расліна’ (ТС). Параўн. укр. росли́на, польск. roślina, чэш. rostlina, славен. rastlina ’тс’, рус. дыял. раслина́ ’росласць’. Ад *росль, росля (гл.) пры дапамозе суф. ‑ін(а), параўн. рус. поросль, заросли, польск. narośl. Сюды ж расле́нны ’надта ўрадлівы’ (светлаг., SOr, 34, 357).

Ра́сны1 ’ураджайны’ (браг., З нар. сл.; жытк., ЖНС), ’урадлівы, пышны, разгалісты’ (ПСл), ’кусцісты; пышны’ (Мат. Гом.), ’буйны, ураджайны; пышны, густы’ (Ян.). Магчыма, сюды ж ро́сны ’урадлівы, ураджайны’: росные яблокі (ТС). Параўн. укр. рясни́й ’густы, пышны, ураджайны (пра плады)’, рус. дыял. ря́сный ’буйны, урадлівы, вялікі памерам’: рясная вишня, рясные звёзды, ресно́й ’густа пакрыты ягадай’, балг. дыял. рьо̂сан ’багаты, урадлівы’. Трэба думаць, форма ро́сны збліжала з роса́ ’раса’ (гл. раса́1), параўн. ро́сно ’росна’ (ТС), а ра́сны прадстаўляе форму з зацвярдзелым р‑ ад прасл. *ręs‑. Паводле Альшанскага (ЭИРЯ, 9, 139), у выніку зліцця суфікса ‑ьn(ъ) з *ręsa ’вісюлька’, параўн. ст.-слав. рѧсьнъ, што дало resьn‑yj ’густы’. Гл. Фасмер, 3, 474. Відавочна, звязана з раса́2 (гл.), што выводзіць значэнне ’ўрадлівы’ ад першаснага ’буйна квітнеючы’, ’маючы вялікую колькасць кветак, парасткаў’, ’густа абсыпаны квеццем’, з чым звязваліся спадзяванні на добры ўраджай. Гл. таксама расаваць.

Ра́сны2, ’пышны (пра спадніцу)’ (Мат. Гом.), ра́сный ’рознакаляровы’: пашый мне спадніцу, каб булі расныя брыжы (брагін., Шатал.), ря́сны ’густы, багаты, з мноствам складак’ (Растарг.), параўн. укр. ря́сний ’пра адзенне: з мноствам зборак; шырокі’. Да ра́сны1 (гл.).

Расо́вы ’рыжы’ (Сцяшк.), ’пародзісты’ (Скарбы). З польск. rasowy ’пародзісты’, што ад ра́са2 (гл.). Параўн. ра́савы (гл.).

Расо́л ’салёная вада для засолкі; вадкасць з салёных агуркоў, буракоў, капусты’ (ТСБМ, Нас., Касп.; ашм., Стан.; Шат., Сл. ПЗБ, Ян.), росо́л ’тс’ (ПСл, ТС), ’расольнік’ (Ян.), расо́л ’страва з адвару’ (Варл.), ’кроў; вадкасць з носа’ (Нас.). Параўн. укр. росі́л ’від ежы’, рус. розсол, росо́л, россо́л ’тс’, польск. rosół, чэш. rosol ’студзень’, славац. rôsol ’тс’, славен. razsol ’сок з квашанай гародніны’, серб.-харв. ра́со̑л ’тс’, балг. разсо́л ’тс’. Утворана ад *roz‑sol‑, што ад *orz‑sol‑ з далейшай асіміляцыяй ‑z‑ і спрашчэннем групы ‑ss‑ > *ros‑sol‑ > rosol‑ у значэнні ’вада, дзе рас- пусцілі соль’. Значэнне ’кроў’ хутчэй за ўсё пад уплывам ю́шка ’вадкае ў страве; кроў’. Паводле Віткоўскага (Зб. Русэку, 240), слова са значэннем ’страва’ запазычана ва ўсходнеславянскія мовы з польскай, параўн. аднак сцвярджэнне Конюш (ABSl, 29, 120): “tylko na Litwie ’zupa z mięsa z krupami’ nazywa się rosołem”.

Расо́ха ’дрэва з раздвоеным ствалом, развіліна’, ’два дрэвы з аднаго кораня’, ’спарыш’, ’дэталь у ткацкім станку’ (ТСБМ; калінк., люб., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’разгалінаванне дрэва; месца, дзе зліваюцца ці разыходзяцца дзве пратокі, рэчкі’, ’крываногае дзіця’, росо́ха, рассо́ха (ТС), ро́суха ’разгалінаванае дрэва’ (Сл. ПЗБ), расо́шка ’вілы, любы прадмет з рожкамі’ (ТС). Параўн. укр. розсо́ха ’вілкі’, ’ручкі ў сахі’, рус. рассо́ха ’тс’, рус. дыял. россо́ха ’тс’, разсоха ’разгалінаванне’, польск. rosocha ’саха’, в.-луж., н.-луж., чэш. rozsocha ’вілкі’, славац. rozsocha, razsocha ’тс’, серб.-ц.-слав. рассоха ’разгалінаванне’, славен. rázsoha ’вілы’, ’дрэва з абрубанымі сукамі’, razsohe ’вілы для сена’, серб.-харв. ра̏сохе ’вілкі’, балг. ра́зсоха ’развілістае дрэва; вілкі’. Утворана як *roz‑sox(a) з асіміляцыяй ‑z‑ і спрашчэннем групы ‑ss‑: *ros‑sox(a) > rosox(a). Сумніўна ўтварэнне непасрэдна ад саха́ < прасл. *soxa, з магчымым дыялектным націскам на першы склад, як звычайна ўказваецца (Фасмер, 3, 445; Махек₂, 521; Бязлай, 3, 160), паколькі саха, расоха, посах або ст.-слав. посоха, з аднаго боку, захоўваюць у сабе агульнае значэнне ’палка, галіна з раздвоеным канцом’, з другога ж боку развіваюць значэнне канкрэтнай прылады. Напрыклад, саха азначае перад усім ’рала’, прылада для арання’, расоха — ’развілісты сук, галіна’ і ’вілкі’, посах — ’падпора, палка’. Імаверна, зыходнае значэнне для названых форм — ’палка, галіна з раздвоеным канцом’, параўн. літ. šakà ’тс’, лат. saka ’тс’, але і гэта значэнне другаснае да ’тое, што адсечана, расечана, разрэзана’. Прыставачныя формы назоўнікаў, верагодна, утварыліся самастойна, як аддзеяслоўныя, ці то назвы дзеяння ад блізкіх дзеяслоўных форм, што абапіраліся на і.-е. базу *sek‑ ’секчы, рассякаць, рэзаць’ (Брукнер, 506; Страхаў, Palaeoslavica, 13, 1, 6). Далей *orz‑sekti > *orz‑soksa > *orz‑soxa. Параўн. ст.-в.-ням. seh ’нож, меч’. Гл. таксама расаха́ты, расахе́т, саха.