Раскара́ка — пра чалавека з шырока пастаўленымі нагамі (ТСБМ, Сл. ПЗБ), роскора́ка ’нешта раздвоенае, растапыранае’: роскорака ў граблях (ТС). Сюды ж роскараку́н ’крываногі чалавек’, ро́скарач ’расставіўшы ногі’ (там жа). Параўн. таксама раскірэ́ка ’той, што мае крывыя ногі’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), раскіра́ка ’тс’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), разгіра́ка ’тс’ (карэліц., Нар. сл.; ваўк., Сл. ПЗБ). Укр. роскаря́ка ’дрэва з раздвоеным ствалом; чалавек, што ходзіць расставіўшы ногі’, раскоряка ’тс’. Відаць, аддзеяслоўнае ўтварэнне ад раскара́чыць ’шырока расставіць ногі’, параўн. таксама укр. роскаря́чити ’тс’, славен. razkoračiti ’раскарачыцца’, razkorak ’шырока пастаўленыя ногі’, што ўзыходзяць да прасл. *korakъ, параўн. кора́к ’крывы корань, корч’ (ТС), роднаснага да *korkъ, гл. крок (параўн. Сной₂, 308). Формы з коранем ‑кір‑ (варыянт ‑ґір‑, гл. Карскі 2-3, 39) маглі ўзнікнуць пад уплывам літ. kereti, keróti ’разрастацца ўшыркі, разгаліноўвацца’, параўн., аднак, і польск. kierz ’куст’, чэш. keř ’тс’, славен. razkrečiti ’стаць уразкрок, пашырыць, расставіць ногі’, што сведчаць пра чаргаванне *kor‑/*ker‑/*kъr‑. Параўн. падобныя адносіны: кірна́ч ’крываногі мужчына’ (Скарбы), гл. кірнаты, літ. kìrna ’корч’. Сюды ж раскара́кі мн. л. ’штаны (у загадцы)’, што ўяўляе дэвербатыў ад раскара́чыць са спецыялізаваным звужэннем семантыкі, абумоўленым энігматычным ужываннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)