Расо́ха ’дрэва з раздвоеным ствалом, развіліна’, ’два дрэвы з аднаго кораня’, ’спарыш’, ’дэталь у ткацкім станку’ (ТСБМ; калінк., люб., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’разгалінаванне дрэва; месца, дзе зліваюцца ці разыходзяцца дзве пратокі, рэчкі’, ’крываногае дзіця’, росо́ха, рассо́ха (ТС), ро́суха ’разгалінаванае дрэва’ (Сл. ПЗБ), расо́шка ’вілы, любы прадмет з рожкамі’ (ТС). Параўн. укр. розсо́ха ’вілкі’, ’ручкі ў сахі’, рус. рассо́ха ’тс’, рус. дыял. россо́ха ’тс’, разсоха ’разгалінаванне’, польск. rosocha ’саха’, в.-луж., н.-луж., чэш. rozsocha ’вілкі’, славац. rozsocha, razsocha ’тс’, серб.-ц.-слав. рассоха ’разгалінаванне’, славен. rázsoha ’вілы’, ’дрэва з абрубанымі сукамі’, razsohe ’вілы для сена’, серб.-харв. ра̏сохе ’вілкі’, балг. ра́зсоха ’развілістае дрэва; вілкі’. Утворана як *roz‑sox(a) з асіміляцыяй ‑z‑ і спрашчэннем групы ‑ss‑: *ros‑sox(a) > rosox(a). Сумніўна ўтварэнне непасрэдна ад саха́ < прасл. *soxa, з магчымым дыялектным націскам на першы склад, як звычайна ўказваецца (Фасмер, 3, 445; Махек₂, 521; Бязлай, 3, 160), паколькі саха, расоха, посах або ст.-слав. посоха, з аднаго боку, захоўваюць у сабе агульнае значэнне ’палка, галіна з раздвоеным канцом’, з другога ж боку развіваюць значэнне канкрэтнай прылады. Напрыклад, саха азначае перад усім ’рала’, прылада для арання’, расоха — ’развілісты сук, галіна’ і ’вілкі’, посах — ’падпора, палка’. Імаверна, зыходнае значэнне для названых форм — ’палка, галіна з раздвоеным канцом’, параўн. літ. šakà ’тс’, лат. saka ’тс’, але і гэта значэнне другаснае да ’тое, што адсечана, расечана, разрэзана’. Прыставачныя формы назоўнікаў, верагодна, утварыліся самастойна, як аддзеяслоўныя, ці то назвы дзеяння ад блізкіх дзеяслоўных форм, што абапіраліся на і.-е. базу *sek‑ ’секчы, рассякаць, рэзаць’ (Брукнер, 506; Страхаў, Palaeoslavica, 13, 1, 6). Далей *orz‑sekti > *orz‑soksa > *orz‑soxa. Параўн. ст.-в.-ням. seh ’нож, меч’. Гл. таксама расаха́ты, расахе́т, саха.