По́сах1 ’доўгі кій, на які апіраюцца пры хадзьбе; жазло святара’ (ТСБМ), по́сох ’кіёк, палка’, ’прылада, якой палохаюць і заганяюць рыбу ў сетку’ (ТС), ст.-бел. посохъ ’кій’ (Сл. Скар.), укр. по́сох, рус. по́сох, ц.-слав. посохъ, ст.-слав. посохъ ’тс’. Вытворнае ад *soxa ’расоха, разгалінаванне’, што дае падставы рэканструяваць першаснае значэнне ’палка з загнутым канцом’ (Праабражэнскі 2, 113). Гл. саха́.

По́сах2, пусо́х ’яйка (наседжанае)’ (хойн., Мат. Гом.). Відавочна, таго ж паходжання, што і паса́г (гл.), рус. поса́г, польск. posag, чэш. posah ’тс’. Насуперак прынятай этымалогіі, якая ўзводзіць пасаг да *sōg‑os, што звязана з літ. ségti ’прышпільваць, далучаць’ (Махэк₁ 385; Фасмер, 3, 338), мэтазгодна узводзіць да прасл. *sědti > *sěsti. У Брукнера (432) побач з усходнеславянскім посаг ’месца, дзе маладая сядзіць падчас шлюбнага абраду’ адзначаецца і варыянт посад, што лічыцца другасным, памылковым. Тым не менш, посаг і посад могуць быць варыянтамі адной формы, параўн. укр. осуга ’асадак’, рус. осяжать ’асядаць (пра асадак)’, вытворнае ад дублетных форм *sięg‑/*sied‑ і *sąg‑/*sad‑ (Анікін, Этимология–1983, 48), сюды ж ц.-слав. посагати, ст.-рус. посѧгати ’выходзіць замуж’. Такім чынам, гэта аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- ад *sěsti. Форма по́сох — вынік гіперправільнага окання ў корані ‑саг‑. Гл. паса́г. Відаць, не мае падстаў меркаванне Кліменкі (Язык, слово, действительность, 1, 139), якая звязвае по́сах ’яйка (наседжанае)’ з рэліг. святам Пасха і магчымымі трансфармацыямі гэтай назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)