Пасаг, поса́г ’маёмасць (грошы, рэчы, адзенне, жывёла), якая давалася маладой ад яе бацькоў пры выхадзе замуж’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Булг., Маш., Мал., Сл. ПЗБ, ТС), паса́га, пасаг̌а посага ’тс’ (Грыг., Нас., Мядзв., Бяльк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Дэмб. 1, ТС), паса́жніца, паса́жая, паса́жна(я) ’(карова, авечка, свіння), зададзеная ў пасаг’ (Сл. ПЗБ). Укр. посаг ’тс’, ’пасад’, посагува́ти ’?’ (’садзіць на пасад’ ці ’даваць пасаг’), рус. поса́г ’вяселле’, цвяр. ’пасаг’, ст.-рус. посагъ ’шлюб’, посагати ’выходзіць замуж’, польск. posag ’пасаг’, чэш., сілезск. posah ’тс’, серб.-ц.-слав. пасагати ’захутвацца ў покрыва, г. зн. выходзіць замуж’. Прасл. posagъ, паводле Махэка₂ (473), азначаў бы ’прыхіленне, прыгарненне, прытуленне да мужа’, а posažьno ’сам пасаг’. І.‑е. адпаведнікі: літ. sègti ’прышпільваць’, sãgas ’пятля, за якую палатно прымацоўваецца да бялільнага прыстасавання’, sagà ’спражка’, ’клямар’, ’сіло’, ст.-прус. sagis ’тс’, ірл. sūanem ’ліна’ (< *sogn‑), ст.-інд. ā‑saj‑ati ’прышпільвае’, ст.-перс. fra‑hanjati ’вешае’ (Мацэнаўэр, LF, 13, 181; Брукнер, 432; Фасмер, 3, 338). Ондруш (Этимология–1984, 176–177) таксама прызнае, што прасл. posagъ утворана ад і.-е. слова pā̆kʼ, якое мела значэнне ’злучаць, звязваць, аб’ядноўваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)