Скачане́ць ‘адубець’ (Сцяшк. Сл ). Да кача́н (гл.), г. зн. ‘зрабіцца цвёрдым, як качан’. Цікавая паралель серб. косава-мятох. скоча̄ни̏т ‘змерзнуць’.
Скачаро́жыцца ‘сагнуцца’ (Юрч. Фраз. 1), скучуры́жыцца ‘памерці, здохнуць’ (Бяльк.). Да качарга (гл.), качарэжка.
Скачо́к ‘конік (насякомае)’ (Мат. Маг., Шымк. Собр.), ‘жук-дрывасек’ (Бяльк.). Да скакаць (гл.), самастойныя ўтварэнні ў розных славянскіх мовах: рус. пск. скачо́к ‘конік’, балг. самак. скачо́к ‘тс’ і інш.
Скашавы (скашавый) ‘жартаўлівы’ (Шымк. Собр.). Няясна.
Скашалі́цца ‘збіцца, стоўпіцца’ (Юрч.). Да кашэль (гл.).
Сквалы́га ‘скнара, жмінда’ (ТСБМ), ‘скнара, ганебны скупец’, сквалы́жнік ‘тс’, сквалы́жны ‘скупы’, сквалы́жнічаць ‘быць скнарай’ (Нік. Очерки). Рус. сквалы́га ‘скнара, скупы’, дыял. скалы́га ‘тс’, сквиля́га ‘тс’, укр. сквиря́га ‘тс’. Збліжаецца з рус. скулить ‘скавытаць, ныць’ (Трубачоў у Фасмер, 3, 636), што з улікам варыянтаў дазваляе ўзвесці да кораня *skval‑/*skūl‑/*skoul‑, якому роднасныя ст.-ісл. skjol ‘укрыццё’, с.-в.-ням. schûlen ‘быць скрытным, таемнічаць’, швед. skyla, нарв., дац. skjule ‘прыкрываць, хаваць’, што да і.-е. *(s)keu‑ (Новое в рус. этим. 1, 209). Каламіец (ЕСУМ, 269) збліжае ўкраінскае і рускае словы з гукапераймальным укр. скви́рити ‘плакаць, скавытаць’, рус. кви́литься ‘скардзіцца, нудзіцца’. Калі насуперак Новое в рус. этим. (208), што дапускае запазычанне слова з рускай мовы, лічыць яго ў беларускай мове арганічнай з’явай (пра што сведчыць фіксацыя Нікіфароўскім), то натуральным было б вывядзенне з кволіцца ‘жаліцца на слабасць, ныць’ (гл.), перан. ‘прыкідвацца бедным’, параўн. скволе́ць ‘аслабець, зрабіцца слабым’ (Нас.), да словаўтварэння параўн. маталыга (гл.). Збліжэнне з рус. шкулить ‘збіраць грошы тайна’ (гл. шкеліць) і іншыя версіі (гл. Фасмер, 3, 636; Новое в рус. этим., 208–209) падаюцца неверагоднымі.
Сква́па ‘прагнасць, зайздрасць, хцівасць’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк.), сквап ‘тс’ (Нас.), сква́пны ‘прагны’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Др.-Падб., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), сква́пін ‘тс’ (Мат. Маг.), сква́піцца ‘зайздросціць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Жыв. сл., Інстр. 3). Укр. сква́пний, сквапли́вий ‘паспешлівы, таропкі’, польск. skwapliwy ‘паспешны, ахвотны’. Да квапіць, квапны (гл.). Збліжэнне Насовіча (там жа) з літ. skaugeti ‘зайздросціць’ і меркаванне Карскага (Белорусы, 163) пра запазычанне з польск. skwapa нельга прызнаць аргументаванымі.
Сква́ра ‘гарачыня, спёка’ (Нас., Гарэц.), сквар ‘тс’ (Нас., Др.-Падб., Бяльк., Янк. БП), ‘гарачыя вуголлі; гарачыня’ (Сцяшк. Сл.). Укр. сквар ‘спякота’, шква́ра ‘тс’, рус. сква́ра, шква́ра ‘агонь, гарэнне; вытапкі, выжаркі’, стараж.-рус. сквара ‘агонь, спёка; ахвярапрынашэнне; дым, чад’, польск. skwar, skwara ‘спёка’, чэш. škvár, škvára ‘акаліна’, славац. skvara ‘шлак’, серб.-харв. цква̏ра, сква̏ра ‘растопленае сала; мазь для валасоў з тлушчу’, славен. skvára ‘кропля тлушчу на паверхні вадкасці’, ст.-слав. сквара, скваръ ‘жар, агонь’, ‘чад, дым (ад ахвяры, якую спальваюць)’, ‘пах гарэлага мяса’. Прасл. *skvarъ, skvara, нульсуфіксальны і з суф. ‑a дэрываты ад *skvariti (гл. скварыць). Мяркулава (Этим. иссл., 2, 114–116) мяркуе, што значэнне ‘спёка, спякота’ ў беларускай і ўкраінскай мовах развілося пад польскім уплывам, што цяжка давесці, параўн. народную прыказку: стар любіць сквар, а молад любіць холад (Нас. Сб.), а першасным значэннем было ‘спальванне ахвярнай жывёлы’, прадстаўленае ў стараславянскіх і старажытнарускіх словах.
Скварж, сквірж ‘скручаная пятля на нітцы’ (кам., кобр., ЛА, 5), сквырж ‘закрутка на нітках’ (кобр., Ск. нар. мовы), скваржі́ ‘скруткі на прадзенай нітцы’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Хутчэй за ўсё, ад *vьrzti (гл. вярзці), параўн. балг. вържа ‘вязаць, рабіць вузел’, з гіпатэтычнай прыстаўкай *sk(o)‑.