Качарга́ ’жалезны прут, сагнуты на канцы, для перамешвання паліва ў печы, выграбання попелу і пад.’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат., Сцяшк. МГ, у Нас. ’драўляная крывуля’). Параўн. рус. кочерга́, укр. коче́рга, кучу́рга, польск. koczarga, дыял. koczerka. Марфалагічная будова слова вельмі спрэчная. Па адной версіі, утварэнне суфіксам *‑g‑ (як у рус. четверг) на базе такіх слоў, як рус. кочера́ ’сукаваты ствол’ (параўн. Фасмер, 2, 358; Фасмер, 4, 35, дзе абараняецца існаванне суф. *‑g; Слаўскі, 2, 322, дзе таксама дапускаецца магчымасць суфікса ‑ga). Некаторыя дапускаюць у якасці крыніцы гіпатэтычнае цюрк. *köčirga (Слаўскі, 2, там жа). Гл. яшчэ агляд у Трубачова, Эт. сл., 10. 105–106 (дзе падтрымліваецца існаванне суфікса ‑g‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)