Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Маўчаць, мыўчаць, моўчетэ ’нічога не гаварыць, не падаваць голасу, весткі; захоўваць у таямніцы, не выказваць адкрыта сваіх думак’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Шат., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС; драг., КЭС), маўча́нка ’маўчанне’ (ТСБМ, Грыг., Нар. Гом.; паст., Сл. ПЗБ), ’паслухмянасць’ (Нас.); маўча́к, маўчок ’маўчанне, ні слова, ні гу-гу’, ’маўклівы чалавек’ (ТСБМ, Нас., Растарг.), маўчком, моўчкам, маўчаком, моўчыкам, маўчака́, моўчака́, моўчакі, моўная, маўком ’ціха, патаемна, моўчкі, нічога не кажучы’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), моўчыкі маўча́ць ’быць маўклівым’ (Ян.), маўчлівы, моўчліву ’маўклівы’ (Сл. ПЗБ, Яруш., ТС). Укр. мовча́ти, рус. молча́ть, молка́ть, мо́лкнуть, ст.-рус. мълчати, польск. milczeć, н.-луж. mjelcaś, в.-луж. mjelčeć, чэш. mlčeti, славац. mlčať, славен. mółčati, серб.-харв. му́чати, макед. молчи, балг. мълча, ст.-слав. мльчати. Прасл. mъlčeti (Бязлай, 2, 192), mьlčati (Трубачоў, Проблемы и.-е. языкозн., М., 1964, 101), Скок (2, 474) адносіць да асновы mьlk‑, Махэк₂ (368) — да ml̠k‑. Дакладныя роднасныя і.-е. адпаведнікі не выяўлены. Траўтман (184), Персан (BB, 19, 262), Трубачоў (там жа) збліжаюць слав. лексемы са ст.-в.-ням. motawên ’раставаць’, ірл. malcaim ’гнію’, ст.-грэч. μαλακός ’мяккі’, літ. smulkùs ’дробны’ smil̃kti ’адміраць’. Леві (IF, 32, 164), Гофман (189), Буазак (605) збліжаюць з літ. mùlkis ’дурны’ ст.-інд. mūrkhás ’дурнаваты’, ст.-грэч. μαλκή ’дубенне ад холаду’, лац. mulcēre ’гладзіць’, ’утаймоўваць’, ’цешыць’. Трубачоў (там жа, 100, 105), разглядаючы тэрміны ’маўчаць’ у і.-е. мовах, устанавіў семантычны пераход ’раставаць’ — ’маўчаць’ і паказаў генезіс і этымалагічную роднаснасць: ст.-в.-ням. molawên ’раставаць’ — слав. mьlčati; слав. tajati/taviti ’раставаць, плавіцца’ — лац. tacẽre ’маўчаць’, літ. tir̃pti ’раставаць’ — слав. tьrpĕti ’цярпець’, слав. tьlěti ’тлець’ — літ. tylė́ti ’маўчаць’.

Маўчу́ла ’маўклівы чалавек’ (рагач., Мат. Гом.). Да маўча́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 42.

Маўчу́н ’маўклівы, негаваркі чалавек’ (ТСБМ, Мат. Гом., беласт., Сл. ПЗБ), моўчу́н (ТС). Укр. мовчу́н ’тс’. Да маўча́ць (гл.). Аб суфіксе ‑unъ гл. Слаўскі, SP, 1, 134.

Мах1 ’адзін хуткі рух чым-небудзь у паветры’, ’промах’, ’вялікі кавалак, прастора (поля)’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Шат., Бяльк.), мсцісл. мах! махінь! махунь! ’пра лёгкае шпурлянне’ (Нар. лекс.), мах, махць! — для імгненнага руху (Сл. ПЗБ), ’умомант’, на махі ’ўзмахамі’, ’жэстамі (аб мове глуханямых)’ (ТС). Утворана ад дзеяслова маха́ць (гл.).

Мах2, махі́, махе́ц ’вельмі вялікі, высокі чалавек’, махонец ’велікан’, ма́хоць, ма́хінь ’велічэзнасць’ (ТС). У выніку развіцця семантыкі лексемы мах1 ’мах’ > ’вялікі мах’. Параўн. і дзеяслоў вы́махаць ’вырасці вялікім’.

Ма́ха ’крыло ветрака’ (Некр., Нар. Гом., чачэр., Мат. Гом.), ’крыло птушкі’ (светлаг., Мат. Гом.). Утворана пры дапамозе суф. ‑а ад махаць. А б утварэнні аднакарэнных назоўнікаў м. р. (на ‑ъ/‑ь) і ж. р. (на ‑а) гл. Ільінскі, AfSlPh, 29, 162. Параўн. балг. махово перо ’вялікае пер’е ў крыле птушкі’.

Махава́ць, машы́ць ’абтыкаць (хату, хлеў) мохам’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Да мох, мшыць (гл.).

Махаві́к1 (слаўг.), махаві́ца ’месца (у лесе), якое парасло мохам’ (Яшк.; чэрв., Нар. лекс.; віл., Сл. ПЗБ). Утворана ад махавы́. Да мох (гл.).

Махаві́к2, мохові́к, махо́вік, муховы́к, моховы́й грыб ’махавік (жоўта-буры, зялёны), імшарнік: Suillus variegatus Sw., Xerocomus subtomentosus L., Boletus chrysenteron Bull.’ (ТСБМ, Дэмб. 1, Грыг., Сержп. Грам., Шат., Бяльк., Касп., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС, Нар. словатв.), кобр. моховы́к ’баравік, Suillus variegatus’. У выніку намінацыі са словазлучэння з прыметнікам махавы́. Да мох (гл.). Матывацыя: дадзеныя грыбы растуць на амшарах. Параўн. таксама амховік ’махавік’ (Сержп. Грам.). Аналагічна моховікі́ ’людзі, што жывуць сярод балот’ (ТС).

Махаві́к3 ’ніжняя частка ганчарнага круга’ (Інстр. II), ’кола вялікага дыяметра з масіўным вобадам, якое забяспечвае раўнамерны рух механізма’ (ТСБМ). Укр. рус. маховик. Усходнеславянскае. Балг. маховик з рус. мовы. Утворана ад прыметніка ма́хавы (ма́ховый).

Маха́йло ’трэці ход гульні ў скокі, які заключаецца ў пераскокванні з квадрата ў квадрат, махаючы перад сабой нагою’ (ТС). Да маха́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 94. Суфікс ‑йло, магчыма, з’яўляецца сярэднім звяном у пераходзе прасл. ‑dlo/‑lo (?). Аналагічныя палескія ўтварэнні: трымпа́йло ’кавалак палена, дручка на шыі ў авечкі, які перашкаджае ёй далёка адбягаць ад стада’, прозвішча Кічкайла.

Ма́хала, ма́хыла, маха́ло ’тое, чым махаюць’, ’дубчык для адгону жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Шат., ТС; драг., КЭС; полац., Нар. лекс.). Прасл. maxadlo. Да маха́ць (гл.).

Махале́й ’хлус’ (Юрч.), паўд.-усх. махлей ’гультай’ (КЭС). Рус. смал., пск. махлю́й ’хлус, гультай’. Да махлява́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ей гл. Сцяцко, Афікс. наз., 36.