Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Партфе́ль ’чатырохвугольная сумка з засцежкай, у якой носяць кнігі, паперы і пад.; пасада міністра’ (ТСБМ). З рус. портфе́ль ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79) < франц. portefeuille (Фасмер, 3, 336).

Партыза́н ’удзельнік узброенай барацьбы, якая вядзецца атрадамі народных мас на акупіраванай тэрыторыі’ (ТСБМ). З рус. партиза́н ’тс’, якое праз ням. Partisan або франц. partisan ад італ. partigiano ’прыхільнік’ (гл. Фасмер, 3, 209).

Партыкуля́рны ’прыватны, неафіцыйны; цывільны, не форменны (пра вопратку, адзенне)’ (ТСБМ). Ст.-бел. партикулярный, партыкулярный < польск. partykularny < лац. particulāris (Булыка, Даўн. запазыч., 238). Суч. бел. з польск. partykularny або з рус. партикуля́рный, якое праз польск. або ням. partikular ’тс’ з лац. particulāris (гл. Фасмер, 3, 209).

Па́ртыя ’палітычная арганізацыя, якая выражае інтарэсы грамадскага класа або слоя; група людзей, аб’яднаных для якой-небудзь мэты, атрад; пэўная колькасць якіх-небудзь прадметаў’ (ТСБМ), па́рція ’група, брыгада’ (ТС). Праз рус. па́ртия ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 78), дзе з польск. partja або ням. Partie < франц. partie ад лац. partīta: partīri ’дзяліць’ (гл. Фасмер, 3, 209).

Партэ́сны ’шматгалосы (пра царкоўнае харавое спяванне)’ (ТСБМ), партэ́с ’зладжанасць’ (Нас.). Рус. парте́сное пение ’шматгалосае’. Ад сяр.-лац. partēs ’галасы’: pars ’частка’ (Фасмер, 3, 209). У бел. з рус. або польск. partes ’ноты’, аб пасрэдніцтве якога і для рус. мяркуе Гараеў (Доп., 1, 32).

Парубе́ль ’сякера’ (Мат. Гом., Інстр. II). Дэрыват з суф. ‑ель ад парубіць < рубіць (гл.).

Парубе́нь ’жэрдка для прыціскання сена, саломы або снапоў на возе’ (ТСБМ, Шат., Янк., Чабярук, Назвы рубля, 136; Сл. ПЗБ). З *парубе́ль (гл. рубе́ль).

Пару́ка ’зарука ў чым-небудзь, пацвярджэнне чаго-небудзь; гарантыя’ (ТСБМ); паручы́цца, паруча́льны. Рус., укр. пору́ка, польск. poręka, чэш. poruka, серб.-харв. по̏рука, славен. pórok. З по- і рука (гл.). Слова, відавочна, праславянскага паходжання з прычыны старажытнасці звычаю паданнем рукі паручацца за каго-небудзь (параўн. Махэк₂, 523 і наст.).

Парука́цца ’павітацца за руку’ (Янк. 3., Мядзв.). Да рука.

Па́рус ’умацаваны на мачце кавалак моцнай тканіны, якая надзімаецца ветрам і прыводзіць у рух судна; кавалак тканіны, што нацягнуты на крыло ветранога млына’ (ТСБМ). Рус. па́рус, ст.-рус. парусъ (пад 907 г.). Пэўнай этымалогіі няма. Лічыцца запазычаннем з грэч. φᾶρος, ацціч. φάρος ’тс’ (Міклашыч, 232; Фасмер, Этюды, 145; Праабражэнскі, 2, 19). Супраць Мікала (РФВ, 48, 277), які набліжае да ст.-рус. рухо ’адзенне’, але гэта версія няпэўная ў фанетычных адносінах (гл. яшчэ Фасмер, 3, 210).