Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скаламбу́ха ‘страшная пачвара, здань, якой палохалі дзяцей’ (навагр., Жыв. сл.). Няяснае слова. Хутчэй за ўсё, дэрыват з суф. ‑ух(а) ад літ. skalam̃byti ‘гучна ўдараць; гучна лаяць’, ‘моцна біць, калаціць’.

Скаламу́да ‘рудая кусьлівая парода балотных мурашак, якая жыве на кургане і травах балот’ (Дразд.). Няясна.

Скаланда́ ‘пасмешышча’, ‘нікчэмнасць, дрэнь’ (Нас.), ‘скандал’: век жывуць са скаландой (Мат. Гом.), скулунда́ ‘аткіды, смецце’, ‘астатак’ (Бяльк.), скулінда́ ‘дробязь, вельмі мала’ (Юрч.). Насовіч (Нас., 580) узводзіць да грэч. σχανδαλον ‘спакуса’, ‘перашкода’, параўн. сканда́л (гл.), што магло паўплываць на семантыку. Відаць, запазычанне з літ. skalánda ‘доўгая адшчэпленая лучына для пляцення кошыкаў і да т. п.’, ‘трэска, асколак’, skelénda ‘трэска, асколак’, якія, паводле Атрэмбскага (Gramatyka, 2, 269), ад skélti ‘шчапаць’ з суф. ‑da. Да семантыкі параўн. дробязь < дробны < драбіць.

Скалану́ць ‘страсянуць; паварушыць’, ‘перамяшаць’ (ТСБМ, Касп., Гарэц., Яруш., Чач., Шн.), ‘страсянуць’ (навагр., Сл. ПЗБ; Сержп. Прымхі), скалану́цца ‘ўздрыгнуць, задрыжаць’ (Байк. і Некр., Шат.), скалатну́ць ‘патрасці’ (ТСБМ, Варл.). Ад скалатнуць, дзеяслова аднакратнага дзеяння, да калаціць (гл.) з спрашчэннем групы зычных. Няма падстаў скалану́ць ‘скаламуціць, замуціць (ваду)’ выводзіць з літ. skalinât, skaluõt ‘паласкаць бялізну’, як сцвярджае Лаўчутэ (Балтизмы, 72), таму што іх семантыка поўнасцю адпавядае асноўным значэнням дзеяслова.

Скалатня́ ‘муць, падонкі’ (Нас., Байк. і Некр.). Дэрыват ад скалаціць < калаціць (гл.) з суф. ‑н(я).

*Ска́лачка, ска́лочка ‘скочкі дахавыя, Sempervivum tectorum L.’ (Бейл.). Бліжэйшыя адпаведнікі — ска́лачка ‘плямка тлушчу ў страве’ (Сл. ПЗБ), укр. ска́лочка ‘кусок, асколак крэменю’, ‘ракавіна малюска’, балг. радоп. ска́лички ‘дзіцячая гульня з пяццю каменьчыкамі ці костачкамі’; гл. скалка1,2,3. Расліна магла быць названа па знешнім падабенстве з ракавінай або з-за адпадаючых лістоў-лускавінак. Але параўн. яшчэ славац. skalnica ‘расліна скочкі’, якая так завецца па месцы знаходжання некаторых яе відаў; гл. Махэк, Jména, 58. Усё да кораня скал‑ (гл. скала́1).

Скалбо́ціць ‘размяшаць’ (іўеў., Сл. ПЗБ), скалбуці́ць ‘збоўтаць, перамяшаць’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Да калбата́ць (гл.), што звязана з літ. kalbė́ti ‘гаварыць’, ідыш kalbekenen ‘гаварыць мяшанай мовай’, ням. дыял. (усх.-прус.) kalbêken ‘гаварыць многа і голасна’, рус. прыбалт. скалбе́каться ‘пачаць гаварыць па-літоўску’, адносна якіх гл. Анікін, Опыт, 279. Параўн. аднак прасл. *skolbiti se ‘адкрываць рот, ашчэрваць зубы; смяяцца’, якое Варбат (ОЛА, Исследов., 1975, 139) выводзіць ад *skoliti, гл. скалщь.

Скалдырэ́чыць ‘хлусіць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Відаць, звязана з рус. дыял. скалды́рничать, сколды́рничать ‘скнарыцца, скупіцца’, ‘папрашайнічаць; кленчыць’, скалды́рник ‘скупы, прагны; скнара’, ‘ліхвяр’ (у Гогаля). Паводле Фасмера (3, 631), апошнія не маюць надзейнай этымалогіі. У аснове экспр. калды́р ‘хам, жлоб’ (Наша Ніва, 2004, 12 лістап.). Канец слова ‑рэчыць нагадвае дзеяслоў ракці́ ‘сказаць’, гл. рэ́кнуць.

Скале́цкі ‘моцны, пякучы (пра мароз)’ (Сцяшк. Сл.). Ад скале́ць ‘змерзнуць, скачанець’ (гл. калець) па тыпу кі́даць > кі́дкі.

Ска́ліць ‘агаляць, паказваць зубы (звычайна пра жывёлу)’ (ТСБМ), ска́ліць (шчэ́рыць) зу́бы ‘смяяцца, рагатаць, насміхацца’, ска́ліцца ‘тс’ (ТСБМ, Гарэц., Янк. 2, ТС, ПЗБ), ‘смяяцца’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, Пятк. 2, Ян.), ‘ашчэрвацца; паказваць злосць’ (Нас.), ‘прыжмурвацца’ (Мат. Гом.), скалы́ты: скалы́тʼ го́чы ‘прыжмурвацца; прыжмурваць вочы’ (Клім.), скала́ты ‘той, хто смяецца з іншых’ (Сл. рэг. лекс.), сюды ж ска́лікі ‘кпіны’ (Бяльк.), фраз. ска́лачкі ска́ліць ‘усміхацца’ (пра немаўля) (Нік. Посл.). Укр. ска́лити ‘скаліць (зубы)’, ‘прыжмурваць (вочы)’, ска́литися ‘тс’, рус. ска́лить (зубы), ска́литься ‘усміхацца, смяяцца’, польск. skalić się ‘трэскацца, пакрывацца трэшчынамі’. Ад таго ж кораня, што і скала́1, з якім звязана чаргаваннем; гл. яшчэ шчыліна (Міклашыч, 298; Праабражэнскі, 2, 292; Фасмер, 3, 631). Паводле Борыся (SEK, 4, 274), дэнамінатыўнае ўтварэнне ад *skala.