Скаланда́ ‘пасмешышча’, ‘нікчэмнасць, дрэнь’ (Нас.), ‘скандал’: век жывуць са скаландой (Мат. Гом.), скулунда́ ‘аткіды, смецце’, ‘астатак’ (Бяльк.), скулінда́ ‘дробязь, вельмі мала’ (Юрч.). Насовіч (Нас., 580) узводзіць да грэч. σχανδαλον ‘спакуса’, ‘перашкода’, параўн. сканда́л (гл.), што магло паўплываць на семантыку. Відаць, запазычанне з літ. skalánda ‘доўгая адшчэпленая лучына для пляцення кошыкаў і да т. п.’, ‘трэска, асколак’, skelénda ‘трэска, асколак’, якія, паводле Атрэмбскага (Gramatyka, 2, 269), ад skélti ‘шчапаць’ з суф. ‑da. Да семантыкі параўн. дробязь < дробны < драбіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)