Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тарата́йка ’лёгкая павозка на двух колах’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’разбітая, старая брычка’ (Скарбы), ’лёгкая выязная каляска’ (Сцяшк.), тарата́йка ’балбатун’ (жытк., Жыв. НС). Укр. тарата́йка ’лёгкі вазок на двух колах’, дыял. ’расхістаная мэбля; дзіцячая цацка’, рус. тарата́йка ’лёгкі вазок’, балг. разм. і дыял. тарата́йка ’старая павозка’, макед. таратайка ’тс’. Мяркуюць, што можа быць звязана з таранта́с, гл. (Фасмер, 4, 23; ЕСУМ, 5, 518); аднак, несумненна, звязваецца з гукапераймальнымі па паходжанні словамі тарата, таранда, таранта і пад., гл.

Тарата́рыць ’весці пустыя размовы, балабоніць’ (Нас., Некр. і Байк.). Гл. тараторыць.

Таратаўня́ лаянк. ’тоўстая кабета’ (Сержп. Прык.). Няясна; магчыма, да гукапераймальнага тарата (гл.), параўн. польск. taratan ’выгук, што імітуе голас трубы’ і трубло ’абжора’, гл.

Тарато́рыць ’гаварыць вельмі хутка, скарагаворкай’ (ТСБМ), ’гаварыць хутка, гучна’ (мёрск., Нар. лекс.), ’балбатаць, гаварыць абы-што’ (Ласт., ТС), тарахто́рыць ’балбатаць, лапатаць, сакатаць’ (Скарбы); сюды і тарата́рыць, гл. Параўн. укр. дыял. тарато́рити ’балбатаць, плявузгаць’, рус. тарато́ритъ ’лапатаць’, чэш. trátořiti, славац. trátoriť ’шмат гаварыць, балбатаць’. Прасл. дыял. *tortoriti з прасл. *tortor‑, якое з’яўляецца падвоеным індаеўрапейскім коранем *tor‑ ’гучны; выразны’, магчымы варыянт *ter‑ (Анікін, ОЛА, Исследов., 1984, 284–286). З непадвоеным коранем у серб.-харв. тр̀тосити ’балбатаць не змаўкаючы’, рус. дыял. бато́рить ’балбатаць’, гл. таксама гутарыць, што да *toriti, гл. ЭССЯ, 1, 166; Атрэмбскі, Зб. Романскаму, 72; параўн. таксама славен. trtrati ’шумець, мармытаць’ < *tьr‑tьr‑ (Куркіна, Диал. структура, 86: узводзіць да *terti, гл. церці). Індаеўрапейскія адпаведнікі: літ. tarýti > tar̃ti ’вымавіць; сказаць’, грэч. τορός ’прарэзлівы’, *τορέω ’выразна абвяшчаю; прабіваю’, ст.-інд. tāṛá‑ ’гучны; праніклівы’, хец. tar‑ ’казаць; называць’ (Фасмер, 4, 86–87; Махэк₂, 636; Карскі 2-3, 87; Чарных, 2, 229; Новое в рус. этим., 230; ЕСУМ, 5, 521).

Тарату́н ’балбатун’, тарату́ха ’балбатуха’ (Нас., Некр. і Байк.). Да гукапераймальнага тарата, гл. тарара.

Таратэ́нты ’розныя асабістыя, уласныя справы’ (Нас.). Відаць, эўфемізм, аформлены экспрэсіўным суф. ‑энты на польскі лад, зыходнае, магчыма, *таратуты ад гукапераймання, параўн. укр. тарату́та ’выклічнік, што перадае стук пры таўчэнні ў ступе’, параўн. ЕСУМ, 5, 521. Параўн. таксама тарэмтанды, гл.

Тара́х ’бух, тарарах’ (беласт., Сл. ПЗБ), сюды ж дзеясловы тара́хкаць ’ляскатаць, стукацець’ (Касп.), тара́хати ’біць, стукаць’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), тара́хкаць ’тарахцець, бразгацець, брынчаць; трашчаць, гаварыць упустую’, тарахне́ць ’тарахцець, бразгатаць’ (ТС), тарахну́ць ’моцна ўдарыць’ (Растарг.), тарахце́ць ’утвараць рэзкія раскацістыя гукі’, ’хутка, гучна, несупынна гаварыць; балбатаць’ (ТСБМ, ТС), ’бразгатаць, ракатаць, бурчаць’ (Яўс., Варл.), ’ехаць з грукатам, грымець, лескатаць’ (Некр. і Байк.; ашм., Стан.; Федар. 1, Бяльк.): Ілля па небу тарахціць (Сержп. Прык.), ’стукацець’: жаўна тарахціць дзюбам (Сержп. Прымхі). Параўн. укр. тара́х, тара́хкати, торо́х, торохті́ти ’грукаць, грукаюць’, рус. тарахте́ть ’грымець (пра экіпаж)’, дыял. торохну́ть ’грымнуць’, польск. дыял. tarach ’выварацень’, tarachnąć ’грымнуць’, што параўноўваюцца з трахнуць (Брукнер, 565). Гукаперайманне (Фасмер, 4, 23), гл. тарарах.

Тарахцёлка ’бразготка’ (Байк. і Некр.). Ад тарахцець, гл. папярэдняе слова.

Тарачу́шка ’сакатуха (курыца, самка)’ (бялын., Жыв. св.). Да таро́чыць2, гл.

Тара́чыць ’цягнуць’ (Нар. Гом.), ’несці’ (Юрч.): скачы не скачы, а грошы тарачы (Сержп. Прык.), тыра́чыць ’везці ў маленькай калясачцы’ (Бяльк.). Гл. тарочыць1.

Тарачы́ць1 (торочы́ті) ’многа раз паўтараць’ (Шатал.), ’сакатаць; бурчаць, сварыцца; размаўляць з прыемнасцю’ (Яўс.). Гл. тарочыць2.

Тарачы́ць2 ’сохнуць (у горле)’ (навагр., Сл. ПЗБ). Няясна; семантыка, відаць, вызначана недакладна, параўн.: што‑та горла тарачыць (там жа), г. зн. ’дзярэ’. Тады, магчыма, да прасл. *torščiti, параўн. рус. дыял. торо́щить ’часаць’, значэнне якога, паводле Варбат (Этимология–1971, 14), блізкае да значэння ’скрабсці’ ў зыходным прасл. *toršiti, *tьrxati, што да асновы і.-е. *ter‑ ’драць’ (Варбат, Супр. чыт., II, 17). Гл. наступнае слова.