Таранта́с ’дарожная павозка на чатырох колах, звычайна крытая; каламажка’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’вялікі воз для перавозкі сена і снапоў’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.), ’чатырохкалёсная гаспадарчая павозка’ (в.-дзв., паст., брасл., лудз., глыб., Сл. ПЗБ). Укр., рус. таранта́с, польск., чэш., славац. tarantas, славен. tarantás, серб.-харв. тарантас, балг. таранта́с. Магчыма, цюркізм, параўн. тат. тарантас ’тс’ (ЕСУМ, 5, 519). У якасці вытворнай асновы называлася таксама рус. таранти́ть ’трашчаць, стракатаць’, тарато́рить ’трашчаць’ (Гараеў, 360). На магчымае гукапераймальнае паходжанне ўказвае Фасмер (4, 22), параўноўваючы з таратайка (гл.) пры наяўнасці ў апошняга значэння ’балбатун’. Параўн. таранта, таранда, гл. Ластоўскі для рус. таранта́с ’павозка на доўгіх зыбучых планках’ прыводзіць уласныя адпаведнікі зы́баўка, го́йдаўка (Ласт.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)