Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тало́хнуцца ’штурхануцца, стукнуцца’: талохнуліся чаркамі (Ласт.). Гл. талахкаць.

Тало́ць ’таўчы’ (?): буду табе і талоць і малоць (бялын., Жарт. песні). Магчыма, захаваная ў песні поўнагалосная форма, што ўзыходзіць да прасл. *teltʼi, гл. таўчы. Аднак нельга выключыць змену слова ў выніку рыфмоўкі.

Тало́ча ’таўканіна; вялікі натоўп’ (Сцяшк.), тало́чыць ’удзельнічаць у супольнай працы’ (Сл. ПЗБ). Гл. талака1, талачыць.

Тало́шыцца ’мітусіцца, кідацца’ (Ласт.). Няясна.

Талсто́ўка ’шырокая, доўгая мужчынская кашуля ў складку з поясам’ (ТСБМ), таўсто́ўка ’тс’ (Кал.), таўсто́лка ’верхняя мужчынская кашуля з даматканага палатна’ (Ян.). Запазычана з рус. толсто́вка ’доўгая верхняя мужчынская кашуля’, што ад прозвішча пісьменніка Л. Талстога.

Талха́ць ’штурхаць’ (шарк., ЛА, 2), ’запіхваць’ (красл., Сл. ПЗБ), талхану́ць ’стукнуць, ударыць’ (бярэз., Сл. ПЗБ). Гл. талахкаць ад імітатыва *талах, варыянт *талх побач з талых, гл. Параўн. таўхаць, гл.

Та́лы ’які злёгку падтаў, зрабіўся цёмным ад раставання снегу або лёду’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), та́лый ’тс’ (Бяльк.). Т. зв. “элавы” дзеепрыметнік ад таць, гл. таксама таяць.

Талы́заць ’цягаць, тузаць, біць’, талы́знічаць ’цягацца, марнатравіць’ (Нас., Байк. і Некр.), сюды ж талы́знік ’марнатравец’ (Нас.). Параўн. рус. пск. талы́зина ’тоўстая дубіна, друк’. Яшчэ Насовіч (632) выказаў меркаванне пра запазычанне з літ. talziti ’кідаць, кідаючы біць’; паводле Карскага (Труды, 394), з літ. talãžyti, tàlažuoti ’боўтаць’ або з літ. tálžyti, лат. tâlzît ’біць’ (Кіпарскі, Лекс. балтызмы; Лаўчутэ, Балтизмы, 56). Анікін (Опыт, 285) лічыць гэта непрымальным з фармальных прычын і мяркуе пра экспрэсіўнае ўсходнеславянскае ўтварэнне, параўн. таласкаць, гл. Параўн. таксама Фасмер (4, 14), дзе абмяркоўваюцца і іншыя спробы этымалагізацыі слоў.

Талы́скаць ’штурхаць з боку ў бок’ (Ян.). Гукапераймальнага паходжання, аналагічнае да талыхаць (гл. наступнае слова), параўн. таласкаць, гл. Фасмер (4, 16) звязвае смал. талы́скаць, поталы́скать ’пабіць’ з талы́заць (гл.), параўн. і рус. прыбалт. талы́згать ’прыгнятаць, трапаць’, якое Анікін (Опыт, 284–285) лічыць экспрэсіўным наватворам, узнікшым на славянскай глебе.

Талы́х — імітатыў, перадае язду па няроўнай паверхні: талы́х‑талы́х‑талы́х (полац., Нар. лекс.), талы́хаць (талхъць) ’ісці кульгаючы’ (мёрск., там жа). Гукаперайманне, параўн. талалыхаць, гл.