Ве́рша ’прылада лавіць рыбу’ (БРС, Гарэц., Сцяшк. МГ); ’венцер’ (Мат. Гом.); ’рыбалоўная прылада з дубцоў або дроту (ніцей) з конусападобным уваходам’ (КТС, Крыв., Шатал.). Укр. ве́рша ’сплеценая з лазы рыбалоўная прылада, якая мае форму лейкі’, рус. ве́рша, арханг. верш, польск. wiersza, даўн. wirsza, в.-луж., н.-луж. wjerša, чэш. vrše ’тс’, славац. vrša, vrška ’прылада для лоўлі рыб, птушак’, славен. vrša, серб.-харв. вр̑ш, вр̑ша, вр̑шка, вр̑шва, балг. връша, макед. врша ’рыбалоўная прылада, верша’. Прасл. vьrža < vьrz‑ja ад vьrzti ’вязаць’ < *u̯erg̑ʼh‑si̯a (Покарны, 1154; Траўтман, 355; Махэк₂, 701), а не ад vьrša < vьrx‑ja, як сцвярджаюць Фасмер, 1, 302; Шанскі, 1, В, 70; КЭСРЯ, 57; Рудніцкі, 367, і не звязана са ст.-слав. врѣщи ’малаціць’ (Праабражэнскі, 1, 78).
Вершадзь ’вяршыня вугла’ (Дуж–Душ.). Новаўтварэнне (з XX ст.) ад vьrx‑jь і абстрактнага суф. ‑ʼadъ; параўн. бел. мокрадзь.
Вершалі́на ’вяршаліна дрэва’ (жыт., Мат. Гом.), парыц. ’верхняя частка дрэва з суччам’ (Некр.); ’барана, від сахі’ (Сержп.). Літар. вярша́ліна (БРС). На бел. тэрыторыі пад уплывам балтыйскага кораня ‑х‑ перайшло ў ‑ш‑; параўн. літ. viršẽlis ’верхавіна, века, вокладка’ (< *vĭršala‑). У зах.-слав. мовах vrьxolъ, якое Трубачоў (Проспект, 89–90) адносіць да прасл. дыялектызмаў. Старажытнасць слова пацвярджаецца балг. връшле́ ’верхняя частка расліны’. Суф. ‑іна ў бел. вершаліна надае значэнне адзінкавасці.
Вершкаванне ’зрыванне верхніх суквеццяў і падчышчванне ніжняга лісця ў некаторых сельскагаспадарчых культур’ (КТС). Запазычана з рус. літар. вершкование.
Вершнік ’коннік, верхавы’ (Яруш.). Укр. ве́ршник ’чалавек, які едзе на кані’, паўн.-рус. ве́ршник ’коннік’. У бел. мове кніжнае, запазычанае, відаць, са ст.-рус. вершникъ ’коннік’ (з XVI ст.). У рус. гаворках роднаснымі з’яўляюцца ве́ршний, вершно́й ’верхні, коннік’, табол. ве́ршна ’спіна каня’ (СРНГ, 4, 176). Лексема ўзнікла ў выніку субстантывацыі прыметніка vьrxьnъ.
Вершнячкі́ мн. л. ’верхнія фіранкі’ (Мат. Гом.) утворана ў выніку пераносу значэння паводле сумежнасці; параўн. вяршні́к ’верхні вушак у акне’ (гл.).
Верыдаваць ’вяршыць, кіраваць, выклікаючы незадавальненне асяроддзя’ (КТС, Р. Сабаленка). Укр. вередува́ти, рус. кур., арл., смал., кубан. вередова́ть ’праяўляць незадавальненне, быць капрызным, наравістым’. Дзеяслоў уваходзіць у руска-ўкраінскі моўны арэал; параўн. шматлікія дэрываты ад укр. веред, рус. вере́да, вред, якія ўзыходзяць да прасл. verdъ.
Верыйня́ ’верая; шулы, да якіх прымацоўваюцца вароты’ (Бяльк.) утворана пры дапамозе суф. ‑ня ад верая па аналогіі да Nomina loci; параўн. варыўня і інш.
Ве́рыць ’быць цвёрда перакананым, давяраць каму-небудзь; быць рэлігійным’ (КТС, БРС). Да ве́ра (гл.).