Вершалі́на ’вяршаліна дрэва’ (жыт., Мат. Гом.), парыц. ’верхняя частка дрэва з суччам’ (Некр.); ’барана, від сахі’ (Сержп.). Літар. вярша́ліна (БРС). На бел. тэрыторыі пад уплывам балтыйскага кораня ‑х‑ перайшло ў ‑ш‑; параўн. літ. viršẽlis ’верхавіна, века, вокладка’ (< *vĭršala‑). У зах.-слав. мовах vrьxolъ, якое Трубачоў (Проспект, 89–90) адносіць да прасл. дыялектызмаў. Старажытнасць слова пацвярджаецца балг. връшле́ ’верхняя частка расліны’. Суф. ‑іна ў бел. вершаліна надае значэнне адзінкавасці.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)