Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Аку́нь, укр. окунь, рус. окунь, чэш. okoun, польск. okuń, балг. окун, серб.-харв. о̏кун, славен. okun. Да вока (Міклашыч, 220; Вондрак, Vergl. Gr., 1, 551). Іншыя версіі менш верагодныя. Гл. вокунь.

Акура́лі окуралʼі ’шары’ (КСТ) да акуляры (гл.).

Акура́т (БРС, Бір. дыс., Касп., Шат., Нас.) з польск. akurat (Карскі, Белорусы, 150; Кюнэ, Poln., 39). Месца націску ў беларускім слове можна тлумачыць як вынік прыпадабнення да словаспалучэння як у рад. Аб гэтым сведчыць кантамінаваная форма якурат (гл. Міхневіч, БЛ, 1973, 3, 76). Рус. аккурат запазычана праз беларускую мову (XVIII ст.), гл. Шанскі, 1, А, 63.

Акушэ́нец ’махляр’ (Касп.) да ашуканец. Гл. ашукаць.

Акушэ́р. Новае запазычанне з рус. акушер (Крукоўскі, Уплыў, 88), якое з франц. accoucheur (XVIII ст.) (Шанскі, 1, А, 71).

Акцы́з (Нас.), акцызнік (БРС, Шат., Нас.) запазычана з рускай мовы. Рус. акциз < франц. accise (XVIII ст.) узыходзіць да лац. accisum (да accidere ’падсякаць’) (Шанскі, 1, А, 71–72).

А́кцыя ’прыгода’ (Нас., Байк.), ст.-бел. акция ’акцыя, дзеянне’ (пач. XVII ст.) (Булыка, Запазыч.), польск. akcja (Кюнэ, Poln., 39), якое ў сваю чаргу з лац. actio.

Акшу́ль ’вокліч для адгону жарабят’ (Інстр. III) да акыш, кантамінаванага з адсюль.

Акы́з ’вокліч для адгону коз’ (Грыг.), акызя ’тс’ (КЭС, лаг.). Магчыма, кантамінацыя каза і акыш (гл.). Гл. кыз.

Акы́ч ’вокліч для адгону курэй’ (Дразд.), акыч(а) ’вокліч для адгону авечак’ (Дразд., Сцяшк., Арх. Бяльк.), а кʼіч ’тс’ (КСТ). Гл. акыз і акыш.